Б. Зубкоўскі. Незабыўны парад. Дзве кантрамаркі

НЕЗАБЫЎНЫ ПАРАД

 Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, былы камандзір узвода разведчыкаў 347-й Бабаруйскай дывізіі Б.М. Прасвірын не раз хадзіў за “языком”, прабіраючыся ў варожыя траншэі ў слоту, і ў прадуху, і ў ноч маладзіка.

Разведка боем, рэйды па тылах праціўніка, удзел у знішчэнні фашысцкіх прыхвасняў – усё гэта захаваў час у лабірынтах памяці ветэрана, жыхара горада Марьіна Горка, падпалкоўніка ў адстаўцы Барыса Мікалаевіча Прасвірына.На фронце ён быў з 1943 года. Ачышчаў ад фашысцкай набрыдзі Арлоўскую, Бранскую,Магілёўскую, Мінскую вобласці. Яго вызваленчая місія завяршылася ў жніўні 1945 года ў Берліне.

– Калі б хто спытаў, каго абраць за кансультанта ў пытаннях асвятлення гераічных традыцый пухаўчукоў, я, не задумваючыся, параіў бы звярнуцца да Прасвірына, – казаў мне Дзмітрый Мікалаевіч Стасевіч, былы дырэктар Марьінагорскай сярэдняй школы № 1.

І сапраўды: хто калі не Барыс Мікалаевіч так дэталёва, паслядоўна, глыбока зможа расказаць пра камандзіра танкавага корпуса Панова, які вызваляў наш раён ад фашыстаў у 1944 годзе. З алоўкам на карце дакладна вызначыць маршрут руху да партызан Лагойшчыны нашай зямлячцы Алене Мазанік.

Нельга, лічыць ветэран, уявіць, што забываюцца падзеі вайны, якая каштавала чалавецтву 65 мільёнаў загубленых жыццяў.

– Напярэдадні вайны немцы кінулі супраць Заходняй (Беларускай) акругі 50 дывізій, з іх нямала танкавых, – гаворыць ветэран.

– І гэта супраць нашых 24 стралковых, 12 танкавых, двух кавалерыйскіх дывізій. Розніцу адчуваеце, – перабірае Барыс Мікалаевіч хатнюю картатэку.

Працуючы ў Нацыянальнай бібліятэцы, спрычыніўся ветэран да летапісу Вялікай Айчыннай вайны, зрабіў выпіскі з дакументаў, вывучаў архіўныя матэрыялы і зводкі з франтоў, заглядаў у мемуарную літаратуру.

– Да абсурду даходзілі гітлераўскія ваякі, да кашчунства, надаючы сваім крывавым акцыям па знішчэнні мірнага насельніцтва пяшчотныя найменні “Лёгкі ветрык”, “Пах фіялкі”, “Водар ліліі”, – гаворыць ветэран.

Барыс Мікалаевіч, аналітык і знаўца гісторыі, увесь у пошуку. Працуючы ў Марьінагорскай сярэдняй школе № 1 настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, узяў ветэран за прывычку вазіць старшакласнікаў у Мінск, у музеі. А ў ваенна-спартыўную гульню “Зарніца” уцягнуў усіх педагогаў школы, абсталяваў прадметны кабінет, аснасціўшы тэхнічнымі сродкамі.

З Прасвірыным цікава. Барыс Мікалаевіч – эрудыт, выдатны суразмоўца, – сказаў мне настаўнік гісторыі Марьінагорскай СШ № 1.

Б.І. Муха. – Вучні слухаюць яго баявыя былі, стаіўшы дыханне. А вось нядаўна ў часопісе “Нёман”, — працягваў барыс Ібрагімавіч, – я пазнаёміўся з публікацыяй Барыса Мікалаевіча пра ягоныя шляхі-дарогі на вайне.

Праглядаем сямейны альбом Прасвірына. Вось фотаздымак панарамны: ветэран разам з жыхарамі Пухавічаў на фоне Сцяга Перамогі, дастаўленага ў Мінск з Масквы. Яшчэ фота: на фоне помніка Б.М. Прасвірын з дэлегацыяй пухавіцкіх школьнікаў уручае кветкі Ўладзіміру Пуціну і Аляксандру Лукашэнку на прыступках Кургана Славы. Даўно вядзе Б.М. Прасвірын роздумны дзённік. Старонкі дзённіка, нібы дыяментамі, перасыпаны афарызмамі – А. Чэхава, М.Шолахава, П. Фларэнскага, М. Танка, У. Мележа. І тытанічны запавет Л. Талстога прадстаўлены філасофскай дыфініцыяй пісьменніка: шчаслівы чалавек, калі ёсць у хаце ягонай шчасце.

Голасам свайго пакалення гаворыць Прасвірын з нашчадкамі. Можа таму ў дзённіку ветэрана мае месца глыбокі роздум пра мінулае і сучаснае, гераічнае і драматычнае на вайне. – Яно на вайне ў повязі, у звязцы, – кажа ветэран.

Барыс Мікалаевіч працягвае мне тоўсты сшытак:

– З фашыстам давялося сустрэцца мне пасля вайны. – Пацікаўцеся, прапанаваў ён.

З дзённіка Б.М. Прасвірына: “Мне давялося сутыкнуцца з гітлераўскім ваякам твар у твар у 1947 годзе. Бургамістр горада Леннінен звярнуўся да камандавання нашай Групы войск у Германіі з просьбай узначаліць працоўны дэсант па дастаўцы аддаленага палустанка дроў. Бургамістр зняў з гэтай мэтай рабочых з прадпрыемства горада, падаў чыгуначны састаў для пагрузкі.

Начальства даручыла вырашыць паліўную праблему мне з групай камандзіраваных на заданне нашых салдат. Запусціў да платформы ланцужок немцаў, пачынаючы ад штабялёў і да чыгуначных вагонаў. Стараліся. Не было спору ў рабоце толькі ў аднаго грузчыка. Падазваў мужчыну да сябе.

– Вам нядобрыцца? – кажу. – Прайдзіце да паравоза, пасядзіце каля качагара, адпачніце. Я падмяню вас.

– У мяне адмарожаныя ногі. Але я не маю патрэбы ў вашай ласцы, – з выклікам адказаў немец на рускай мове.

— Адкуль вы ведаеце рускую мову? Вы былі ў Расіі? – здзівіўся я.

— Я быў на фронце.

— Дзе, у якім месцы дыслацыравалася ваша часць? – пытаю.

— У раёне Сетухі, каля Арла, – адказвае з ухмылачкай.

— Пяхотная дывізія. І вы, відаць, былі там? – вочы немца наліліся крывёй.

— Быў, – кажу. – Дык, значыць, гэта вы стралялі ў мяне і маіх таварышаў?

— Мы далі клятву, выконвалі загад, – твар немца тройчы перасмыкнула. – І калі б не рускія зімы, то мы…

— Вы далі клятву народу Германіі, што абароніце сваіх дзяцей ад рускіх, старых, немаўлят? – працягваю дыялог. – На чужой тэрыторыі, куды вас не запрашалі…

Б.І. Муха папрасіў ветэрана расказаць пра парад Перамогі ў Берліне.

– Нашых вайскоўцаў, што выстраіліся на пляцы, віншаваў Маршал Савецкага Саюза Г.К Жукаў. Зацікаўлены позірк кідаў у бок нашай танкавай калоны амерыканец Д. Эйзенхаўэр. Па пляцу ішлі танкі новай мадыфікацыі ИС-3.  Прадэманстраваў маршал саюзнікам нашу моц. Папалі танкі новай канструкцыі ў поле зроку і замежных карэспандэнтаў.

Адзін з іх падляцеў да Барыса Мікалаевіча.

— Здымак на памяць. Дазвольце? – папрасіў. – Вы з якой дывізіі, калі не сакрэт, – заіскрыўся усмешкай твар амерыканца.

— Не сакрэт, – адказаў Барыс Мікалаевіч. – З 347-й Бабруйскай. Мы з першага Беларускага фронту.

Ярка ззяла сонца. На высокай ноце ляцелі да ўдзельнікаў параду словы маршала Жукава аб тым, што імёны тых, хто аддаў жыццё за перамогу над фашызмам, будуць залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю.

Распачынаўся новы адлік часу.

 

ДЗВЕ КАНТРАМАРКІ

 Віктар выкаціў з кішэні картовага пінжака дзве грушы і працягнуў механіку:

— Паспрабуйце. Смачныя. Нават восы іх любяць.

Восы, Восы, дзе вашы косы, – падкінуў іх угору вясёлы кінамеханік. Рабром далоні паласнуў па грушы. Узяў палову на смак.

— А нічога. Пасаліўшы з’есці можна, – пажартаваў.

Запусціўшы дзвіжок, працягнуў Віктару вядзерца:

— Марсяні да калодзежа, прынясі вады.

Дапамог і я, паліваў вадою на запэцканыя рукі кінамеханіка.

— У кіно прыйшлі? – спытаў кіншчык.

— У кіно, – адказаў Віктар, сумеўшыся.

— А “купіла”, канешне, няма на білет?

— Няма, – прызнаўся я.

– Правесці на “Чапаева”, хлопцы, не магу, кантралёр не дазволіць. Ён, змій люты, безбілетнікаў не любіць.

– Пойдзем, Пеця, дадому, – падняў сваю армейскую сумку з долу Віктар. – Даглядацца час. Маці яшчэ на рабоце.

— І вялікая гаспадарка у вас? – пацікавіўся механік.

– Каза ды кот, – адказаў я за сябра. – Ды яшчэ дзве ёсць куркі, што гуляюць у жмуркі.

Мой жарт рассмяшыў кінамеханіка.

– Ладна. Паспрабуем прарвацца. Параду дам. Падыйдзіце да кантралёра. Далажыце па-ваеннаму: так, маўляў, і так, нашы ў зале. Мы ж спазніліся. Дазвольце далучыцца  да армейскага гурту. Як толькі ён, выслухаўшы ваш рапарт, пад казырок возьме, дык вы кумельгам у фае.

– А калі ён патурыць нас? – сказаў я. – Мы ж без вайсковый вопраткі: нават пілотак у нас няма.

– Праўда, калі дзядзька Якуб пачне распытваць, з якога вы палка, скажыце, што гэта ваенная тайна.

Кантралёр ужо сядзеў на прыступцы клубнага ганку. Адклаўшы ў бок кастыль, час ад часу паглажваў загорнутую ў шырачэзную штаніну палоўку нагі.

Усіх прапусціў у кіно, хто білет на руках меў.

Патаптаўшыся на месцы, мы з Віктарам Аляксейчыкам збіраліся распачаць сваю аперацыю, як пачулі пагрозлівае:

– Ну што, безбілетнікі, ад варот паварот, – уміг выбіў кантралёр з нашых галоў “навуку” кінамеханіка.

– А мы і не збіраліся ў кіно, – сказаў я. – Мы тут камандзіра свайго чакаем, маёра нашага.

– Ну і вурвінец ты, жэўжык. Дарэмна палохаеш мяне. Я, братка, на фронце не толькі маёраў, але і генералаў нямала пабачыў. Праўду-матку рэзаў форменна, хоць быў ім не па чыну.

– А ў нас сёння на вячэру дранікі будуць, – ні з таго ні з сяго сказаў я.

– У кіно пушчу. Але таго з вас, хто мае добрыя адзнакі ў дзённіку. Так што прад’явіце школьны дакумент, – затушыў былы вайсковец папяросу, справадзіўшы акурак у карабок. Шнырыў вачыма па дзённіку Віктара.

– Валіва троек. Бацька твой зрэдку ў дзённік заглядае?

– У яго няма бацькі. Загінуў на фронце, – сказаў я.

Шрам на скроні кантралёра завішнявеў.

–  Род войск назаві, які занятак меў  у арміі твой бацька? – пацікавіўся.

– Бацька пры вызваленні Мінска загінуў, – прамовіў Віктар глуха і адвярнуўся ў бок.

– І даведка ёсць на гэты конт? – дапытваўся кантралёр.

– Ёсць. Маці яе за абразамі хавае, – прызнаўся Віктар, коўтнуўшы камяк у горле.

– Пад Мінскам тады мы немчуры добра ўсыпалі. У “кацёл” нямецкую навалач загналі, нервова звёў дзядзька Якуб кулак над галавой. – Гамонам затым гналі вылюдкаў аж да Берліна.

– А ў мяне ў дзённіку па фізкультуры пяцёрка. Вы, можа, і не заўважылі з першага разу, – нясмела сказаў Віктар.

– Віця – лепшы спартсмен у класе. Да самай макаўкі па нахіленай лесвіцы скача праз дзве драбіны, – пахваліў я сябра.

– З запасам працуе. Вось я пагляджу, які ты спартсмен. Вунь да таго слупа дапаўзеш па-пластунску, – даў заданне дзядзька Якуб.

Віктар зняў свой картовы пінжачок, апусціўся на колічкі. Праз пяць хвілін, засопшыся, цяжка дыхаючы, стаяў перад франтавіком навыцяжку.

– Азадак трымаеш высока. Немчура, кулямётчык іхні ўраз цябе выкасіць. Працуй локцікамі – параіў былы вайсковец. – Жыць застанешся.

– А ў мяне пяцёрка па спевах, – сказаў я. – Паглядзіце, – перадаў дзённік з надзеяй кантралёру.

– Ага! Ёсць пяцёрка, – пацвердзіў наяўнасць высокай адзнакі дзядзька Якуб. – Саліст кажаш. Ну, дык дай мне што-небудзь ваеннае. Каб за душу ўзяло. Песню, бачыш, дай.

Даволі энергічна вывеў я першы куплет:

 По долинам и по взгорьям

Шла дивизия вперёд.

Чтобы с боем взять Приморье…

 Ініцыятыву перахапіў Віктар, не даўшы мне скончыць, грамятнуў на поўныя грудзі:

Броня крепка, и танки наши быстры,

Пойдут машины в яростный поход.

 – Вось гэта па-нашаму, – павільгатнелі вочы ветэрана.

А мяне паўшчуваў:

– Лянота цябе, відаць, абуяла, тройкамі абсыпаўся. Сорам.

Заступіўся за мяне Віктар:

– Пеця, праз дзень кароў на пашу гоніць. Цэлы статак на выган. А потым даганяе ў школе прапушчанае.

– Дык кажаш, бацька пры вызваленні Мінска загінуў. Танкістам быў? Чэсна?

– А вы сумняваецеся, – твар Віктара перасмыкнуў боль.

Ён павольна сышоў з прыступкі ганка, моўчкі падаўся да каліткі. Успамін пра бацьку зачапіў майго сябра за жывое.

– Дагані яго, вярні, – папрасіў кантралёр. – Пакрыўдзіўся, бачыш. Я ж хацеў пра яго бацьку больш падрабязна распытаць. Можа мы з ім, аднапалчанінам, у адным батальёне немцаў пад Мінскам калашмацілі, – пацягнуўся дзядзька да карабка з сярнічкамі. Нервова закурыў.

– Звіняй, хлопча, – пачаў расціраць нагу. – Ные вось. Нервы… Даймае пякотка. Тузае, – уздыхнуў самотна.

Затым выняў з кішэні гімнасцёркі дзве кантрамаркі і працягнуў мне.

– Спатрэбяцца ў наступны раз. Перадай свайму сябру.

Бегам часу мы з Віктарам не раз успаміналі ветэрана. Тады, напрыканцы 40-х гадоў, мы яшчэ не маглі спасцігнуць сутнасць натуры гэтага неспакойнага, рэзкага, знерваванага чалавека.

Разуменне прыйшло пазней. А тады… Захлынуўся дзядзька Якуб ад болю, не могучы ацерабіцца ад жудасных праяў вайны, якая адабрала яго здароўе, пакалечыла. Абвостраная памяць ветэрана не раз вяртала яго ў тыя віхурныя гады змагання з фашызмам. Гэта была драма чалавека, які прадаўжаў жыць у той праклятай вайне.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.