Б. Зубкоўскі. Артысты прыехалі…

Пра тое, што ў Вусце прыязджаюць артысты з канцэртам, Чэсь Клеўка даведаўся ад аднагодка Фэлькі Рымашэўскага.

— Нават стрэльбы з сабою прывязуць, — сказаў Фэлька.

— Дык навошта на канцэрце стрэльбы? — здівіўся Чэсь. — Не на паляванне ж збіраюцца.

— Стрэльбы прывязуць з сабой. Я сам чуў, як дзядька Колас майму тату расказваў, — ступіў Фэлька басанож у цёплую яружыну пры дарозе.

Тут і тата Фэлькі паказаўся. Вёў каня на пашу. На шыі каня медныя званочкі пачэплены.

— Пакуль я з канём упраўлюся, то вы, хлапцы, нарвіце каля Балачанкі аеру пабольш і ў хату прынясіце, — даў заданне бацька Фэлькі.

— Дык навошта той аер? — не зразумеў Чэсь.

— Ён добра пахне. Значыцца, гасцям дыхаць будзе лёгка, — патлумачыў Фэлька.

— А я што… А я з шанькі з дому сала для артыстаў прыхаплю. Мама дазволіць. У нас сала смачнае, з чырвонымі атожылкамі, — даводзіў Чэсь, падумаўшы пра той канцэрт, на які так хацелася трапіць у якасці гледача.

Артысты прыехалі ў вёску апоўдні. Колас сустракаў гасцей на падворку хаты Язэпа, дзе летаваў з сям’ёй.

Марыя Дзмітрыеўна частавала гасцей крышкамі — бульбяным супам з цыбуляй.

— Смаката, — хваліў страву начальнік артыстаў Дарвішаў.

— У нас на Віцебшчыне пра гэту страву кажуць «ёмінка пахучая», — твар артыста свяціўся радасцю. А жонка Коласа ўжо падавала гасцям у гліняных міскахлатушках блінцы.

Пад’еўшы, артысты ўзяліся за справу: на ногі паадзявалі суконныя снягаўкі, на галовы — саламяныя капелюшы, узялі ў рукі зброю. Рэпетыцыю распачалі каля гумна Язэпа Рымашэўскага. Сам Колас, седзячы на лежаку, што месціўся каля летаўніка дроў, аддаваў артыстам каманды, вучыў вымаўляць словы на народны манер.

Усе вусцянцы збегліся паглядзець на артыстаў, кожны з якіх трымаў у руках стрэльбу. А ў жанчыны-артысткі ў швэндары — вязанай кофце з засцежкамі — быў толькі качарэшнік.

— Ну і каго яна збіраецца лупцаваць? — шапнула Чэсева маці сыну на вуха.

— Можа, таго самага Саўку, што здрадзіў партызанам, якія разам з Чырвонай Арміяй уступілі ў барацьбу з белапалякамі, — адказаў старшыня калгаса «Пуцілавец» Клемус Жук, пачуўшы рэпліку Алены Клеўка.

У падзеі спектакля пад адкрытым небам уцягваліся вусцянцы з усіх пяціхатак вёскі. Актыўна апладзіравалі неамбітнаму дзеду Талашу — партызанскаму атаману, сачылі за падзеямі пастаноўкі.

Праўда, артыст, што іграў Талаша, увесь час бегаў у хату Язэпа.

— Усмяг я, — казаў. — Трэба кваску бярозавага папіць.

— А стрэльбу з сабой бярэ ў хату! — здзівіўся Чэсь, паглядзеўшы на сябра.

— А як жа, — патлумачыў Фэлька. — Правільна робіць. Раптам белапалякі сюды прысунуцца — чым бараніцца будзе?

Тым часам «дзед Талаш» даў заданне Чэсю і Фэльку:

— Прыхапіце вядзерца, прынясіце вадзіцы з ракі.

Хлапчукі — тут жа да Балачанкі: хіба можна аслухацца партызанскага камандзіра? А артыст зноў папрасіў:

— Паліце мне на шыю, спіну. Упацеў, горача ж у вас тут, — і зняў кашулю.

Абвастрылася абстаноўка ў спектаклі падчас суда над Саўкам.

— Што будзем рабіць, людцы? — звярнуўся рэжысёр да вусцянцаў. Здраднік Мільгуй. З войтам знюхаўся. За яго шапкукушнерку душу гатовы прадаць. Стрэнчыць войту як ліхой скуле, вылупак.

На словы рэжысёра адрэагавалі.

— Асіна па Саўку даўно плача, — узняўся з травы Язэп Рымашэўскі.

— Пасадзіць нягодніка на хлеб і ваду! — прапанавала Чэсева маці. — Ледзь не прывёў партызан да гібелі!

Саўку ніхто не шкадаваў.

— Распусціў свае лыгі-ногі, нос бутальковы! — гарачыўся Рымашэўскі.

— П’яніца ён, — падтрымала Алена Клеўка. — Апівох няшчасны. Матыку ў рукі яму — і на поле, каб барозны парабіў. Альбо парэзаныя дровы ў клат няхай кладзе, гультай-пустадомак.

— Не, такіх мы ў калгас не бяром, — не згадзіўся з ёю Клемус Жук.

Не змаўчаў і разгневаны бацька Чэся, кінуўся да Саўкі з пудовымі кулакамі, але не выцяў: не паспеў.

— Не чапай яго, Ігнат Андрэевіч, — папрасіў Колас. — Бог яму суддзя.

Пачуўшы словы Коласа, Саўка стаў на калені, пачаў прасіць літасці. Дзед Талаш, адкінуўшы ўбок пугу-павіванку, голасна загадаў:

— Прэч з вачэй, на ўсе чатыры бакі ідзі. Толькі не пройдзеш і вярсты, бо ўсё сумленне ў гарэлцы пакінуў.

— Правільна, — адобрыў такое рашэнне старшыня калгаса «Пуцілавец». Не месца нягодніку ў калектыве!

Падчас перапынку артысты абступілі дзядзьку Коласа. А той жартуе, розныя жыццёвыя гісторыі расказвае.

— У адным сяле, — кажа, — жыў-быў выдатны разьбяр па дрэве. Пакінуў ён сыну бярозавую лыжку. Як сядзе Іван за стол, бацьку і ўспомніць. А жонка Марыя сварыцца. «Гучна сёрбаеш, — дакарае. — Вазьмі лепш звычайную лыжку…»

— А муж што? — не ўтрымаўся Рымашэўскі. — Маўчаў?

— Муж сапраўды маўчаў, — выцер Колас хусцінкай узмакрэлы твар. — Але потым не вытрымаў. «А ты іншую сукенку, — раіць жонцы, — апрані. Тую, што твая маці пашыла табе перад нашым вяселлем…»

Колас усміхнуўся: абяззброіў Іван Марыю напамінам.

«У вёсцы жанчыны і цяпер хваляць твайго бацьку, — заўважыла жонка. — Лепшы бондар на ўвесь раён быў. Такія бочкі і дзежкі ніхто не зробіць». А Іван закальца не пакінуў: «Маці твая лепшай швачкай была. Кабеты ў чаргу выстройваліся, каб пашыла ім які ўбор…»

— Паразумеліся, бачыш, аднак, — заўважыў начальнік артыстаў. — Падыход у Івана ого-го!

— Адступілася кабета, — засмяяўся Колас. — Праўда, тут жа выдала: «Ну чаго сядзіш з лыжкай у руцэ? Сёрбай ужо — дазваляю».

— Павучальная прытча, — задумаўся галоўны рэжысёр.

Напрыканцы пастаноўкі Канстанцін Міхайлавіч прадставіў вусцянцам артыстаў, удзельнікаў спектакля «У пушчах Палесся». Усіх пералічыў: Малчанава, Ільінскага, Сяргейчыка, Былінскую. На паклоны выйшаў і рэжысёр Дарвішаў.

— Вось у такім складзе і павязём мы гэтую пастаноўку ў Маскву, на дэкаду беларускага мастацтва. Ад вашых вытокаў вусцянскіх пойдзе яна ў людзі — да ўсесаюзнага гледача.

Спектакль па матывах аповесці Я. Коласа «Дрыгва» быў паказаны напрыканцы 1930-х гадоў у Маскве. Так вусцянцы з Пухавіччыны адкрылі артыстам дарогу ў савецкую сталіцу.

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/08/31-2015.pdf