Б. Савінаў, М. Высоцкі, В. Уранаў. Памяць пра іх – у сэрцах жывых

У сэрцах — памяць

Кніга «Памяць пра іх — у сэрцах жывых» зусім нядаўна пабачыла свет у межах праекта «Белыя жураўлі», што цягам года рэалізоўваўся на старонках раённай газеты «Узвышша» з удзелам Савета ветэранаў і калектыву Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яго суаўтары — сябра Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Барыс Савінаў, старшыня Дзяржынскага раённага савета ветэранаў Мікалай Высоцкі і журналіст Віктар Уранаў.

Выданне прысвечана ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, заслужаным людзям Дзяржыншчыны.

Адкрывае кнігу нарыс Барыса Савінава «Слава і Перамога Івана Шмеі». Ураджэнец Віцебска, баявы разведчык Іван Шмея 29 чэрвеня 1941-га, у дзень свайго 20-годдзя, быў залічаны ў народнае апалчэнне пад Магілёвам і прайшоў усю вайну. Нягледзячы на раненні і кантузіі, раз за разам вяртаўся на перадавую. Вызваляў родную Беларусь падчас аперацыі «Баграціён». А пасля бою за вызваленне Віцебска атрымаў медаль «За адвагу». Дайшоўшы да Кенігсберга, разам з аднапалчанамі ўзняў над крэпасцю сцяг Перамогі.

Іван Шмея — кавалер трох ордэнаў Славы, прычым ордэн Славы І ступені ён атрымаў з рук Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага.

Кніга «Памяць пра іх — у сэрцах жывых» змяшчае матэрыялы і пра іншых рупліўцаў дзяржынскай зямлі, у ліку якіх — настаўнік, заслужаны работнік культуры БССР Адам Анісовіч, галоўны інжынер калгаса імя У. І. Леніна Аляксей Сяркоў, які быў узнагароджаны чатырма ордэнамі. Асаблівай павагай дзяржынцаў карыстаўся камандзір партызанскай брыгады імя К. Ракасоўскага, а затым першы намеснік міністра харчовай прамысловасці Мікалай Баранаў. У працэсе падрыхтоўкі выдання аўтары скарыстоўвалі архіўныя матэрыялы, фотаздымкі з сямейных альбомаў, успаміны родзічаў і знаёмых герояў публікацый.

Прэзентацыя кнігі «Памяць пра іх — у сэрцах жывых», выданню якой паспрыяў Дзяржынскі райвыканкам, адбудзецца ў Дзяржынску падчас святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Яна ЯВІЧ

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/05/18-2015.pdf