Б.Мацюк. Я яго адпускаю з Табой

Фестываль паэтычнай дружбы

Кніга паэзіі беларускі Бажэны Мацюк “Я яго адпускаю з Табой” – як выразны фрагмент паэтычнага фестывалю “Берагі дружбы”, што традыцыйна праходзіць у сяле Пакроўскае Растоўскай вобласці і збірае паэтаў Расіі, Украіны і Беларусі.

Пад адной вокладкай – арыгінальныя вершы таленавітага маладога аўтара і пераклады паэзіі Таццяны Чарновай, якія прачулена ажыццявіла Бажэна Мацюк. І творы маладой рускай паэтэсы загучалі таксама з беларускім душэўным, сардэчным характарам. Вопыт, які ажыццяўляецца ў Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці, добра было б узяць на ўзбраенне і ў Беларусі. Такіх фестываляў нам катастрафічна не стае. Найперш варта іх праводзіць, каб шырэй уключаць у літаратурны працэс творчую моладзь, дапамагаць ёй рэалізоўваць усе свае памкненні. А тое, што ў нас шмат таленавітых паэтаў, празаікаў з ліку студэнцтва, школьнікаў, не выклікае ніякіх сумненняў. “Я рэдка пішу пра каханне,/ Сяброўства, Радзіму, бацькоў,/ Бо гэта не проста прызнанне — / Маленне, што спета наноў./ За кожным найменнем – асоба,/ За словам – і радасць, і боль, / А вершы – яны толькі спроба/ У заўтра складаць бандэроль”, — піша свой зварот да часу, да сяброў, да роднай старонкі, да блізкіх людзей, да ўсіх, хто чытае вершы, Бажэна Мацюк. І яшчэ пераказвае следам за рускай паэтэсай Таццянай Чарновай: “Кожная восень прыходзіць прывідамі,/ Прагне хаўтуры за згублены час./ Топчацца ў сэрцы пад рознымі відамі/ Сточаны з’едлівы болем абцас”.

Выдадзеная ў Расіі невялікім накладам беларуская кніга вершаў і перакладаў Бажэны Мацюк – сапраўдны мост дружбы і сяброўства. Застаецца спадзявацца, што традыцыя будзе доўжыцца і шырэць.

Алесь Карлюкевіч

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.