«Асоба ў гісторыі малой Радзімы»

З Забалаццем назаўсёды

У Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса адбылася канферэнцыя “Асоба ў гісторыі малой Радзімы”, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка, краязнаўцы, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Алеся (Аляксандра Іванавіча) Махнача. Сёлета адзначаецца сто гадоў з дня яго нараджэння.

З асобнымі фактамі біяграфіі Алеся Іванавіча, яго творчымі здабыткамі пазнаёміла прысутных загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Алена Кучук. Дапоўнілі яе ўспамінамі аб сустрэчах, творчых стасунках, падрабязнасцямі з цікавай біяграфіі гэтай неардынарнай асобы ў скарбонцы Уздзеншчыны настаўнік Уздзенскай СШ №2 імя К. Крапівы, краязнаўца Андрэй Ярмольчык, бібліятэкар гімназіі, апошні бібліятэкар Забалацкай сельскай бібліятэкі імя А. Махнача Ірына Бельская, пісьменнік, кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Нёманец” Віктар Сабалеўскі, дырэктар бібліятэкі Аксана Драчан. Блаславіў удзельнікаў канферэнцыі на добрыя справы, запрасіў заўсёды памятаваць пра адметны след у гісторыі роднага краю вернага сына Айчыны настаяцель азерскага храма айцец Сергій.

Разам перагортваем старонкі жыцця Алеся Махнача. Разам з ім назіраем за ходам калектывізацыі ў Нізку, перажываем “бязбожную пяцігодку” ў 30-я гады. Уяўляем сябе на месцы выпускніка пяхотнага вучылішча, які за некалькі дзён да вайны дзевятнаццацігадовым юнаком, толькі што атрымаўшы званне лейтэнанта, прыбывае ў Брэсцкую крэпасць. Вераломны напад фашыстаў, гераічная абарона крэпасці. Раненне, палон, канцлагер. Цудам выжыў, напрыканцы вайны быў вызвалены канадцамі. Што рабіць далей маладому інваліду? Бібліятэчны тэхнікум, літаратурны інстытут у Маскве. Першыя літаратурныя спробы, краязнаўчая работа, нялёгкая дарога да ўсеагульнага прызнання…

Нягледзячы на такія суровыя жыццёвыя выпрабаванні, Алесь Іванавіч захаваў у сабе найлепшыя якасці Чалавека, Грамадзяніна, Асобы. Многія выступоўцы адзначалі яго сціпласць і шчырасць, працавітасць і інтэлігентнасць, патрыятызм і любоў да роднага краю. Бясцэнным падарункам для нашчадкаў засталіся яго п’есы, аповесці, апавяданні, краязнаўчыя нарысы пра Нёман, вёскі Забалацце і Нізок, запісаныя ў Нізку 1001 прымаўкі – кладзезь народнай мудрасці. Амаль 50 гадоў пражыўшы ў сталіцы, не лічыў сябе гараджанінам, цікавіўся ўсім, чым жыў родны край (усе гэтыя гады атрымліваў раённую газету), чым мог дапамагаў землякам. Найлепшым сабе падарункам і самай пашанотнай узнагародай палічыў А. Махнач павязаную ў 1997 годзе на свяце вёскі Забалацце чырвоную стужку ганаровага грамадзяніна вёскі.

Удзельнікі канферэнцыі пабачылі тую стужку. Пабачылі тоненькія, у дзясятак-другі старонак і цаной 3-10 капеек, але накладам у 7-10 тысяч экзэмпляраў кнігі пісьменніка 60-70-х гадоў выдання. Пагарталі дзясяткі пажоўклых рукапісаў земляка, што захоўваюцца ў запасніках раённай бібліятэкі. Паглядзелі кадры з дакументальнага фільма з жывым голасам  Аляксандра Іванавіча, які ў свой час падрыхтаваў яго сын М. Клімковіч.

Не стала пісьменніка, ветэрана вайны ў 2001 годзе. Ён пахаваны на могілках у роднай вёсцы. Яго літаратурныя, краязнаўчыя справы працягваюць землякі, якія імкнуцца быць вартымі памяці А. Махнача. Пра гэта засведчылі даследванні старшакласнікаў Уздзенскай школы №2 Ксеніі Лясько (пра лёс юнага абаронцы Брэсцкай крэпасці, аднаго з герояў кнігі пісьменніка Пеці Клыпы) і Ксеніі Чарнавус (пра фашысцкія канцлагеры, месцы зняволення на беларускай зямлі).

Інфармацыю даслаў пісьменнік з Уздзеншчыны Віктар САБАЛЕЎСКІ.