Алесь Карлюкевіч. З клецкай Сіняўкі

Сіняўка – вядомае на Міншчыне паселішча. Вёска ў Клецкім раёне. На скрыжаванні дарог на Клецк, Ганцавічы. Слуцк, Івацэвічы. Вядомасць сваю мае з канца 15 стагоддзя. Знаходзілася ў складзе Клецкага княства. З 1515 года мястэчка, уласнасць каралевы Боны Сфорца. Гістарычнае, адным словам, паселішча.

23 верасня 1883 года ў мястэчку, якое тады з’яўлялася воласцю Слуцкага павета, нарадзіўся Сяргей Іванавіч Сяргель. Можна толькі здагадвацца, якім было дзяцінства хлопчыка. Бацька, Іван Сяргель, працаваў валасным пісарам. Пасада з невялікіх. А калі яшчэ чалавек сумленны, то пры ёй адно толькі і нястачу мець будзеш.

У 1894 годзе Сяргей паступае ў Магілёўскую гімназію. Чаму менавіта туды, а не ў Нясвіж ці Слуцк ці не ў губернскі Мінск, — ізноў жа загадка. Дарэчы, калі б пайшоў вучыцца, прыкладам, у Нясвіж, то яго шляхі немінуча перасекліся з многімі знакамітымі ў будучым асветнікамі, дзеячамі культуры. Але ж гісторыя, лёс распараджаюцца так, як распараджаюцца, як дадзена звыш. Іначай  не бывае.

…Пасля заканчэння гімназіі ў Магілёве, Сярегй паступае ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Разам з іншымі дакументамі прадстаўляе ў рэктарат наступную даведку: “С. Сергель вследствие действительно большой бедности и неимения решительно никаких средств к жизни, был на время пребывания в Могилевской гимназии освобожден от платы за учение и получал ежегодные денежные пособия”. Ішоў 1904 год. Як сведчаць дакументы, бацькоў у Сергеля не было ўжо ў 1900 годзе. А ў гімназіі ён вучыўся 10 замест 8 гадоў. Канешне ж, прычынай на тое былі нястачы, цяжкасці дзяцінства, юнацтва.

Між іншым, ва ўніверсітэт Сергель прыехаў ужо з пэўнымі прафесійнымі і навуковымі зацікаўленнямі. Яшчэ ў 1903 годзе, прайшоўшы ў выпускны клас гімназіі, Сяргей выпраўляецца ў падарожжа на паўночную раку Пячора. Адзіна, без сяброўскай падтрымкі, у невядомы край!.. І чаму менавіта на Пячору скіраваліся інтарэсы юнака? У тыя гады Уладзімір Арсеньеў падарожнічае па Паўднёвым Прымор’і і горнай мясцовасці Сіхотэ-Амінх. Леў Берг вывучае возера Балхаш. У заходнюю Манголію выпраўляецца Рыгор Грум-Грымайла. У 1899-1901 экспедыцыю ў пустыню Гобі і на Усходні Цібет узначальвае Пётр Казкоў. Улетку 1903 года па Паміры падарожнічае Мікалай Каржанеўскі. Пэўна ж, юны вандроўнік ведаў пра кагосьці з гэтых вядомых географаў, чытаў у друку. Але ж чаму Пячора аказалася ў полі зроку?..

Сяргей прыязджае ў горад Чардынь. Павятовае паселішча Пермскай губерніі. Горад — на правым беразе ракі Колва. Ёсць пэўнае падабенства з вядомым з маленства Клецкам. Хаця і адрозненняў хапае. Тады, у 1903 годзе, у Чардыні пражывала амаль 4 з паловай тысячы чалавек. Амаль усе жыхары – праваслаўныя. Цэркваў каменных у горадзе ажно 7. Каля Успенскай царквы – каменная капіца, якую пабудавалі на месцы пахавання 85 чалавек, што загінулі ў бітве рускіх з нагайскімі татарамі іх на Чарды ў 1547 годзе. Дзіўныя гістарычныя паралелі. У 1503 годзе Клецк быў спалены крымскімі татарамі. А ў 1506 годзе татары разбіты войскамі Вялікага княства Літоўскага. Наўрад ці звярнуў увагу на гэтыя акалічнасці юны даследчык. Хаця мо і паспеў зрабіць кароткую экскурсію па горадзе, што стаяў “на сямі ўзвышшах”…

Але не мог абмінуць Сяргей увагай іншага. Чардынь вылучаўся як гандлёвы цэнтр. Гораду належыла 6 карпусоў з 50 лаўкамі. Вёўся шырокі гандаль хлебам. Значную частку яго перавозілі праз Чардынь на раку Пячора. Чардынскія купцы вялі гандаль пушнінай, рыбай. Цікавы  такі факт: за год толькі з Пячоры ў Чардынь паступала болей 2 тысяч рыбапрадуктаў. З іх – каля 240 тон сёмгі.

Набыўшы лодку, Сергель падымаецца да вярхоўяў Колвы. Адтуль волакам перабіраецца да ракі Унья – левага прытока Пячоры, ракі, якая амаль працягласцю ўсіх сваіх 130 км нясе воды паміж прыгожых скал. Мо дзе на вочы гімназісту траплялі кустарныя плавільні-домны, у якіх здабывалі буры жалязняк. А руду яго на конях перавозілі ў Чардынь. З Уны падарожнік трапляе ў Пячору, на лодцы даходзіць амаль да самых яе вярхоўяў. А назад вяртаецца пешшу, з ружжом за плячыма. Дакладней – пешы маршрут скіраваны ў горы паўднёвай часкі Паўночнага Урала. І вяртанне дадому было ў Сяргея, відавочна, не праз Чардынь.

Паездка на Пячору пазнаёміла Сяргея з укладам жыцця незнаёмых дагэтуль і зусім экзатычных для яго народаў – комі-зыран, мансі, ненцаў, рускіх старавераў. Пэўна ж, паездка істотна паўплывала на выбар Сергелем далейшага жыццёвага шляху.

З 1904 года – Сяргей – студэнт прыродазнаўчага аддзялення фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага універсытэта. Заўважыць трэба: на аддзяленне, дзе рыхтавалі географаў. У той жа час навукамі ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце авалодвалі будучыя літаратуразнаўца, бібліёграф Уладзімір Княжнін (сапраўднае прозвішча – Івогілаў), крытык Віктар Глікман, гісторык літаратуры Аркадзь Далінін (між іншым, таксама з Беларусі, з Магілёўшчыны, з Мсціслаўскага павета), паэт Мадэст Гофман, дзіцячы пісьменнік Мікалай Агінцаў (быў прыкметнай фігурай у пецярбургскай багеме пачатку 20 стагоддзя), рэвалюцыянер Аляксандр Вермішаў, нарысіст Уладзімір Вайцінскі, тэатразнаўца Уладзімір Валькенштэйн, паэт Вадзім Гарднер, сацыёлаг Аляксандр Гізецкі, пісьменнік Сяргей Гарадзецкі… З кімсьці з іх, несумненна, перасякаліся шляхі і нашага земляка. Жылося Сяргею няпроста. Вымушаны быў зарабляць грошы рэпетытарствам. Было і такое, што ў часіны поўнага безграшоўя даводзілася перпыняць вучобу: не было чым плаціць!.. Але ж якая мэта была! Вывучэнне вопыту папярэднікаў і жывыя падарожжы!

Наладжваецца супрацоўніцтва з Этнаграфічным аддзелам Рускага музея. У лютым 1906 года Сяргей Сергель піша заяву ў аддзел з просьбай выдзеліць яму 1000 рублёў для збора калекцыі і этнагарфічнага абследавання зыранскага насельніцтва, якое пражывае па берагах рэк, што ўпадаюць у раку Пячора ў сярэднім яе цячэнні. У свамі звароце ў высокую навуковую інстанцыю студэнт удакладняе, што мяркуемы маршрут, насельніцтва рэгіёна будучага даследавання яму знаёмыя. Таму смела бярэ на сябе абавязкі сабраць калекцыі, якія характарызавалі б асноўныя гаспадарчыя заняткі комі – паляванне і рыбалоўства, жыллё карэннага насельніцтва, хатні побыт, аддзенне. Этнаграфічны аддзел пагадзіўся з прапановамі маладога чалавека, разгледзеўшы ў яго асобе настойлівага і адказнага даследчыка: Сергеля залічылі ў лік карэспандэнтаў музея, выдзелілі неабходныя сродкі.

Увесну 1906 года этнограф адпраўляецца з Волагды параходам да горада Усць-Сысольск. Далей шлях праходзіў па беразе да верхняга цячэння ракі Вычагда. Сергель спадзяваўся знайсці болей цікавае месца для назіранняў за жыццём зыран.

А ў пачатку чэрвеня 1907 года, праз 10 месяцаў пасля вяртання з папярэдняй экспедыцыі, Сергель выпраўляецца ў новае падарожж. У Этнаграфічным аддзеле цяпер ужо ані не сумняваліся ў магчымасцях дагледчыка. Акрамя калекцый ад падарожніка ў архіў Рускага музея паступае рукапісная справаздача на 110 старонках “Апісанне зыранскіх пабудоў у Памоздзінскай воласці Усць-Сысольскага павета Валагодскай губерніі” (зараз праца захоўваецца ў архіве Рускага этнаграфічнага музея ў Санкт-Пецярбургу). У 1928 годзе этнограф і краязнаўца выпусціць у Маскве кнігу “У зыранскім краі”. З экспедыцыі 1906 года засталісяі і цікавыя этнаграфічныя, багатыя на побытовыя дэталі фотаздымкі.

А новае падарожжа было скіравана да саамаў Нарвегіі і Фінляндыі. Тут варта было б зрабіць некаторае адступленне. Хто такія саамы? Іх яшчэ называюць магары ці саамі. Зараз гэты народ жыве Нарвегіі (каля 30 тысяч чалавек), Фінляндыі (5 тысяч чалавек), на Кольскім паўвостраве ў Расіі (1,9 тысяч чалавек). Мова саамская, складае асобную падгрупу ў фіна-вугорскай групе уральскай гямгі. Распадаецца на шэраг дыялектаў. Веруючыя саамы ў Скандынавіі – лютэране. У Расіі – праваслаўныя. Мяркуюць, што саамы – нашчадкі старажытнага насельніцтва Паўночнай Еўропы. Хаця ёсць і іншая версія: маўляў, саамы прыйшлі з Усходу.

І сённяшняя колькасць саамаў з’яўляецца выразным сведчаннем таго, што народ хуткімі – у параўнанні з Вечнасцю! – тэмпамі сыходзіць з нашай Зямлі. І экспедыцыя пачатку мінулага стагоддзя была як ніколі своечасовай!

І тады, напрыканцы 19- — на пачатку 20 стагоддзя, гэта разумелі. Таму і расійская навуковая грамадскасць рупілася як толькі магла. Руплівым даследчыкам жыцця саамаў зарэкамендаваў сябе антраполаг, этнограф Давід Аляксеевіч Залатароў (1885-1938). У 1927 г. ён узначаліў Лапарскую экспедыцыю Рускага геаграфічнага таварыства. Антрапалагічныя вымярэнні саамаў зрабіў Аляксандр Іванавіч Кельсіеў. Яшчэ ў 1877 годзе ад Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі ён ажыццявіў паездку ў Рускую Лапландыю. Наведаў легендарнае Лавозера. Шмат для арганізацыі Лапландскага запаведніка зрабіў натураліст Герман Міхайлавіч Крэпс. Па матэрыялах паездкі на Рускую Поўнач пісьменнік і этнограф Сяргей Максімаў выдаў кнігу “Год на Поўначы”. І наш зямляк Сяргей Сергель – далёка не апошні сярод гэтых шчырых і сапраўдных інтэлігентаў.

Значэнне работы, праведзенай Сергелем у пошуках матэрыялаў пра саамаў, было і зараз застаецца – болей як праз стагоддзе! – наўздзіў істотным. Збор маладога па тым часе даследчыка ўключаў самыя розныя этнаграфічныя калекцыі. Кропкай адліку “саамскай” экспедыцыі стаў горад Гамерфест, які знаходзіцца на крайняй поўначы Нарвегіі. Далей ішло падарожжа па саамскіх паселішчах нарвежскай паўночнай правінцыі Фінмаркен. Матэрыялы, сабраныя нашым земляком, носяць унікальны характар. Нават вертыкальны ткацкі станок з грузам прывёз этнограф у Санкт-Пецярьург. А знайшлося гэтае цікавае прыстасаванне на заходнім беразе Парсангер-Фіёрде. Асаблівую цікавасць уяўляюць лыжкі з чыстага срэбра. Іх авыкарыстоўвалі на святах, у час урачыстых падзей. Альбо служылі вясельным падарункам. Лыжкі, датаваныя XVIII стагоддзем, перадаваліся “з рода ў род”. Уражанні,назіранні з экспедыцыі да саамаў Сяргей Сергель выклаў у рукапіснай справаздачы – “Паездка да нарвежскіх лапароў”. Памер – 147 старонак. Работа зараз захоўваецца таксама у Рускім этнаграфічным музеі. Выдаў пра тую экспедыцыю этнограф і кнігу – “Год вандроўкі з лапарамі” (Масква, 1927 год).

…Біяграфія Сяргея Сергеля ўтрымлівае шмат “белых плям”. У 1913 годзе наш зямляк атрымаў пасведчанне аб заканчэнні універсітэта. Вядома, што ў 1915-1916 гадах вучоны працаваў у горадзе Вельску на Валагодчыне – чыноўнікам Удзельнай акругі Міністэрства Імперскага Двара і ўдзелаў. У 1920-ыя

 гады выкладаў геаграфію ў Валакаламскім зааветэрынарным тэхнікуме. Захавалася сведчанне з гісторыі гэтай навучальнай установы, дзе Сергель прадстаўлены “вялікім майстрам і энтузіястам экскурсійнай спарвы”. Сярегй Іванавіч, улічваючы, што час той быў сапраўды “залатым векам” расійскага краязнаўства, шукаў магчымасці для самарэалізацыі. Наўрад ці мог даследчык такога масштабу задаволіцца адно толькі экскурсіямі па Валакаламску і ваколіцах. Вядома, што Сергель звяртаўся ў Камітэт Поўначы пры Прэзідэнце ВЦВК з просьбай прызначыць яго краязнаўцам на адну з паўночных культбаз. Ці быў адказ на гэты зварот? Як склаўся лёс С. Сергеля пасля 1930 года? Ці з’ехаў Сяргей Іванавіч з Валакаламска ў перадваенныя гады ці застаўся ў горадзе да самага пачатку Вялікай Айчыннай..? Пытанні без адказаў. Праўда, на некаторыя з іх не так і складана знайсці адказы. Варта толькі працягнуць пошук…

У 2018 годзе, 23 верасня – 135 год з дня нараджэння Сяргея Сергеля. Менавіта, гэтая дата стане падставай для ўшанавання знакамітага земляка на Клетчыне, на Міншчыне, увогуле ў Беларусі. А імя этнографа, несумненна, будзе ўведзена ў кантэкст беларускіх энцыклапедый і біяграфічных даведнікаў. Час яшчэ ёсць. І можна шмат што дзеля гэтага зрабіць.

«Созвучие»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.