Алена СТЭЛЬМАХ. Я іду па дарозе дамоў. Вершы.

Я ІДУ ПА ДАРОЗЕ ДАМОЎ…

Алена СТЭЛЬМАХ

Алена Стэльмах нарадзілася 20 ліпеня 1965 года ў в. Навасады Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці (Беларусь). Скончыла факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Была галоўным рэдактарам «Беларускай лясной газеты», ўзначальвала рэспубліканскі часопіс «Родная прырода». Працавала намеснікам дырэктара ВД «Звязда». З 2016 года — першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Заслужаны журналіст Беларускага Саюза журналістаў, пісьменнік. Аўтар і сааўтар кніг «Землякі» (2005), «Лясныя дарогі подзвігу» (2005), «Глыбоцкія вяршыні» (2006), аўтар дзіцячых кніг «Дуб і Крумкач» (2015), «У гасцях у Францыска Скарыны» (2016) , «Вялікае прадстаўленне для Сонечкі» (2017). Творы перакладаліся на мовы краін СНД.

Навасадскае

Спее жыта. Шэпча поле –

Будзе хлебнае застолле.

Пчолы дзынкаюць. З ахвотай

Мёдам начыняюць соты.

Кружыць бусел над сялом –

Беражэ будан – свой дом.

Верабей пільнуе хатку —

Пад страхою немаўляткі.

І для кроплі ліст —  калыска.

Усё тут міла, люба, блізка!

Усё тут гучна, спеўна, звонка!

Гэта ж — родная старонка!

 

***

Ляжу ля коміна на печы…

Нягодзіца дажджамі хлешча,

Як воўк  ў трубе скавыча  вецер.

З бабуляй бавім гэты вечар.

 

Дзядком – стуліўся склеп старэчы,

Лістотай – ахінае плечы.

Ляжу ля коміна на печы,

Цьмяны ліхтар мне сонцам свеціць.

 

Пажухлі кветак вочкі-свечкі,

Счарнелы плот – брач самавіты.

Ляжу ля коміна на печы –

Мне ў свет вялікі  шлях адкрыты.

 

Чыгунчык у руках бабулі ўецца –

На чаране шукае месца ўзіму.

Ляжу ля коміна на печы,

Глытаю смак сваёй Радзімы.

 

Гады сплылі, як плынь на рэчцы…

Зляцелі, засталіся мары…

Туды б, да коміна на печы,

Пагрэць душу і сэрца ўпары.

 

***

У якіх бы далях не блукаў мой лёс,

Сядзеў на карку з пугай паганяты.

Ды толькі шчасце без маны прынёс —

У край бацькоў, да роднай, мілай хаты.

 

 

Вяртанне

Я іду па дарозе дамоў.

Белы снег засцілае мне сцежку…

Тут сляды маіх дзедаў, бацькоў,

І дзяцінства напоўнена дзежка.

 

Тут трапешчацца сэрцайка птушкай —

Я іду па дарозе дамоў…

Тут малую мой лёс мяне гушкаў,

На арэлях шчаслівых гадоў.

 

Тут плыве звонкі спеў жаўруковы,

У марознай бяздоннай сіні.

Я іду па дарозе дадому…

Родны кут, я цябе не пакіну!

 

Мяне брамка страчае адкрытай.

І трымае на часе злому.

Я шчаслівая. Я –  не забыта!

Я іду па дарозе дадому…

 

 

Крынічка

З часоў пасівелых, ад ветру калматых ,

Быліцаў і прымавак блудзіць багата.

З вякоў пазадаўніх яны ажываюць.

Спляснелай мінуўшчынай дых пераймаюць.

 

Угары, на месцы вятрыстым вяршыні,

Бурлівую жылу гады агалілі.

Хто прагнуў вадзіцы халоднай напіцца.

Здзіўляўся – смакуе самую жывіцу.

 

Ручво з камянёў дало шлях пуцявінам,

Жылкі з зямлі чысцюткіх слёз напусцілі.

Ці праўда, ці не –  Ледавік расстараўся –

Пад Мінскам каўказскі каньён каб застаўся.

 

Пра ўзрост маладзіцы пытаць не прынята,

У моцным бурчэнні самой – мнагавата.

Зяленым імхом зацягнуліся вочы,

І меддзю заплыць беражочкі ахвочы.

 

Вясной паскакушка, як тая дзяўчушка,

Спякотай –  неўгамонная гаварушка,

І ў Піліпаўку мары светлыя носіць,

Ільдзісты мароз яе плынь не стрыножыць.

 

Лёс, спавіты карэннем, дзінклівы званок,

Прапахнуты зёлкамі, басяк-бегунок.

Аніяк не звядзеш плынь ламоткую ўзман –

Пачуткаў шчымлівых напоўнены збан.

 

Восеньскае

 Знямоглая восень гучна заплача,

Тужліва і сумна – холад, нястача.

Слыла гаспадыняй, цвіла каралеўнай,

Ды завіталі вятры пераменаў.

 

Туманаў панурых процьма кладзецца,

Хмар мутных грувасткіх зграя віецца,

Ды ўжо ж расшматалі касу залатую,

У бруд утапталі красу незямную.

 

І вусцішна й золка, і ў лесе, і ў полі,

Ні крыку, ні смеху – цішыня ў наваколлі.

Надзеі сыйшлі, быццам з поля авечкі,

Шукай, ці ты знойдзеш іх нават са свечкай?

 

Маркотна гукае ў свае пуцявіны –

Курлыча з аблокаў  клінок жураўліны.

Дзень, хоць і порткі высока падрэзаў,

Не той, што ўлетку, скакун ды гарэза.

 

І млява на сэрцы, і ломіць ўсё цела,

І мары, і тыя, у вырай зляцелі.

Яблык падгнілы ледзьве трымаецца,

Восень горкай слязой заліваецца.

 

Да хісткага плоту з доўгай падпорай,

Куст прытуліўся, нясмелы, ён скора

Пакажа: ёсць на старую праруха,

Яго падтрымае бяроза-шаптуха.

 

Ярка-чырвоністы погляд каліны,

Лютай зімою растопіць ільдзіны.

Тым колкім вятрам і іх прысцябайлам,

Вочы заслепіць святлом незгасальным.

 

Касцёр жарынак без дроў разгарыцца,

Светач, маяк –  каб з дарогі не збіцца.

Горыч пырсак, бы крывёй набрынялых, –

Вабіць спакусаю куст небывалай.

 

Лёс яго будзе няпростым, цярністым –

Голле раскіне, каб стаць непахісным.

Уславіць, як Фенікс, здалёк, з небыцця,

Непераможную агністасць жыцця.

 

 

 

 

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.