Агляд лютаўскіх часопісаў на старонках “ЛіМа”

Крытэрыі жорсткага мастацтва

Аднойчы ў мяне адбылася цікавая размова з Навумам Гальпяровічам. Гутарка зайшла пра ягоную творчасць, дакладней — пра яе ацэнкі ў друку ці тэта-тэт з чытачом, які часцей за ўсё аказваецца сябрам ці калегам. Зразумела, у такіх варунках аб’ектыўнае слова наўрад ці пачуеш, — а так хочацца… Падборка вершаў Навума Якаўлевіча ў лютаўскім «Полымі» — цудоўная нагода спраўдзіць жаданне паэта.

Навум Гальпяровіч «пачаўся» як лірычны аўтар, засяроджаны на сваіх адчуваннях свету, на водгуках, якія ўзнікаюць у судакрананні з пейзажам і ўспамінам; ад гэтага ён пераходзіць да мыслярскіх падсумаванняў. Інтанацыі вершаў — лагодна-задуменныя, тужлівыя, але пры гэтым светлыя, бо адчувальна разуменне паэта, што свет у агульным ураўнаважаны, усё ў ім ідзе сваім ладам. Такім паўстаў паэт Гальпяровіч, і вось мінула нямала год, а ён усё той жа.

Самое слова «твор», калі ў яго ўслухацца, заключае ў сабе дзеянне, нараджэнне нечага новага. Стварэнне — а не паўтарэнне ці копія. Навум Гальпяровіч, аўтар далікатны і адданы гуманістычным ідэалам, вось ужо колькі гадоў паўтарае сам за сабой усё тыя ж тэмы і ўсё тым жа голасам. Само па сабе паўтарэнне нічога не значыць; у мастацтве «пра што?» заўжды саступае «як?». Галоўнае, каб займала дух. Але ў тым і справа… Ці не таму зноў друкуецца верш Н. Гальпяровіча пра сланечнікі Ван Гога, што ў іх якраз і ёсць тое адметнае, яркі штрых, сполах паэзіі?.. Вымалёўваецца партрэт паэта, які знаходзіцца сам у сябе ў палоне, заключаны ў звыклай вобразнай сістэме, творчай зоне камфорту. Мне як чытачу падаецца неабходным эксперымент, спроба адкрыць нешта новае для сябе, каб з’явіўся шанец стаць новым для іншых і цікавым для шырокага кола чытачоў.

З нататкамі «за жыццё» выступіў Алесь Марціновіч: кур’ёзныя выпадкі на працы, развагі пра істотнае ў гэтым жыцці, партрэты калег і пад. Пры пэўным намаганні гэтую фактуру можна было б ператварыць у сатырычны твор. У пададзеным выглядзе «Былое, але не думы» — збор нататак больш публіцыстычных.

Да тэмы неспакою чалавека, пошукаў істотнага ў жыцці звяртаецца Васіль Гігевіч. У апавяданні «Сон» можна знайсці чароўнае апісанне фотаздымка, трапна прыкмечаныя рысы сярэднестатыстычнага савецкага чалавека, метафарычныя «дыягназы», вынесеныя пісьменнікам гэтаму самаму чалавеку (кшталту «гразі ў маторчыку»). Сэнс жыцця ў разуменні аўтара, як і варта было чакаць, — каханне. Аднак аўтар злоўжывае інверсіяй, якая замест душэўнасці прыўносіць у твор штучную саладжавасць; гэтаксама сустракаюцца неабгрунтаваныя лексічныя паўторы, праз якія твор губляе ў плане выразнасці.

У нумары прадстаўленыя вершы Дар’і Дарошка. Яна смела выказвае ў паэтычных сімвалах сваю асабістую трагедыю, пераствараючы пачуцце ў мастацтва, а не выказваючы яго наўпрост, як памылкова робяць многія пачаткоўцы. Дасканалыя ў гучанні яе вершы «З самага ранку» і асабліва — «Сумуе сцяжынка».

Безумоўная мастацкая ўдача нумара — апавяданне Алеся Ветаха «Праязны білет». На шараговым, побытавым прыкладзе ён у поўнай глыбіні выказаў вечнае супрацьстаянне: дараваць — ці асудзіць?.. Кантрастуюць і героі аповеду, муж і жонка, мяккі, велікадушны інтэлігент і імпульсіўная, катэгарычная жанчына. У той жа час можна сказаць іначай: мяккацелы ідэаліст, ва ўседараванні якога хаваецца інфантыльнасць, і справядлівая, моцная жанчына. Неадназначнасць герояў, неадназначнасць учынкаў, ёмістасць невялікага тэксту з мастацкай рэтраспекцыяй (у творы разгортваецца яшчэ адзін твор, ідэйна звязаны з «мацярынскім») — усё тут прамаўляе за літаратуру (а не гульню ў яе).

Наста ГРЫШЧУК

 Такі нязвыклы рэалізм

Якая значнасць літаратурных сувязей для грамадства і чытача? Паразважаць над гэтым пытаннем прапануе Алесь Карлюкевіч у другім нумары «Нёмана» ў інтэрв’ю з прафесарам Казбекам Султанавым, загадчыкам аддзела літаратур народаў Расійскай Федэрацыі і Садружнасці Незалежных Дзяржаў Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук. Тэкст прываблівае аб’ектыўнасцю погляду і ўзважанасцю думак. Казбек Султанаў звяртаецца да развіцця літаратурных сувязей на савецкай прасторы і абгрунтоўвае актуальнасць культурнага дыялогу.

Але на якую ролю ў ім рэальна можа разлічваць літаратура? Пераклады і тэматычныя «круглыя сталы» маюць значнасць для вузкага кола інтэлігенцыі, прычым толькі пры ўмове адказнага стаўлення арганізатараў. Значна большую цікавасць выклікалі б фестывалі, майстар-класы, тэатралізаваныя праграмы, на якіх можна атрымаць яркія ўражанні, непасрэдна пазнаёміцца з прадстаўнікамі іншых культур і ў якасці напаміну пра свята набыць буклет з перакладамі вершаў.

Але як зрабіць, каб іншая культура, не вельмі вядомая ў пэўным грамадстве, стала пазнавальнай і прывабнай, каб перакладная кніга зацікавіла некалькі тысяч чытачоў, — адкрытае пытанне, вырашэнне якога патрабуе дэталёва распрацаванай праграмы.

Зрэшты, другі нумар «Нёмана» атрымаўся традыцыйна беларуска-рускім і знаёміць з творчасцю замежных аўтараў толькі ў рубрыках «Сусветная літаратура» і «Сябрына». Маладая расійская проза прадстаўлена апавяданнямі Андрэя Анціпіна, Алены Тулушавай, Андрэя Цімафеева. Побач з беларускімі празаікамі гэтыя аўтары вылучаюцца глыбокай зацікаўленасцю сучасным, рэальным жыццём — псіхалогіяй чалавека, сацыяльнымі і культурнымі праблемамі. Аўтарам цікава распрацоўваць вобразы герояў, канкрэтызаваць прастору дзеяння, апісваць для многіх звыклыя, але па сутнасці адметныя справы — такія, як зімовая рыбалка альбо праца доктара ў радзільні.

Апавяданні маладых пісьменнікаў імпануюць выдатным рэалістычным стылем, але ідэі твораў маглі б быць больш арыгінальнымі. Людзі розных прафесій напрыканцы працоўнага дня часам мараць пра цуды — раптоўнае і шчаслівае вырашэнне праблем, якія маюць этычны аспект. Вядома, цуд будзе мець асаблівую значнасць, калі справа тычыцца лёсу немаўляці — як у апавяданні А. Тулушавай «Цудаў хочацца». Не здзівіць чытача нешчаслівы шлюб дзяўчыны з беднай сям’і, але ў дадатак А. Цімафееў звяртае ўвагу на неабходнасць самапавагі, без якой не даводзіцца разлічваць на душэўную радасць. Герой апавядання А. Анціпіна «Смала» — вясковец з паўночнай Расіі — прадстаўляе той тып сялян, якія перанялі ад старэйшых традыцыйныя погляды і ўменні, прытрымліваюцца адвечнага мясцовага ладу жыцця, але чамусьці так часта просяць «на боярышник»… Праблемы гэтых людзей не вельмі цікавяць грамадства, і ўжо таму вобраз вясковага Пузырка выклікае ўдзячнасць. Твор можна было б скараціць за кошт некалькіх падрабязных апісанняў рыбалкі, але сакрэты гэтага промыслу — соль апавядання.

Аляксандр Сілецкі ў апавяданні «Скарб» распавядае пра дзіўнае захапленне спецыяліста па настройцы лібрапраектараў Люцыя-Проў Гальбовіца. Цікавасць да кнігі ўзнаўляецца ў сітуацыі выключнага дэфіцыту, калі тэксты існуюць у электронным варыянце і амаль не друкуюцца. Нешматлікія папяровыя выданні прывабліваюць калекцыянераў, дый тое сапраўдныя бібліяфілы застаюцца рэдкімі людзьмі. Абмаляванае пісьменнікам жыццё крыху аддаленае ад нас па часе — а пакуль адчуць радасць ад сустрэчы з кнігай можна не толькі ў апавяданні. Галоўнае — выбраць вартага даверу аўтара…

Алеся ЛАПІЦКАЯ

 Скарбонка з цікавосткамі

Што сёння патрэбна маладому літаратару, каб выдаць сваю першую кнігу? Грошы, добры выдавец? Аказваецца, дастаткова нажніц, клею і часопіса «Бярозка» — менавіта там распачаўся праект «Аповесць-канструктар». Першай удзельніцай такога незвычайнага праекта стала Аліна Длатоўская. Першая частка яе аповесці «Арнаменты» ўжо выйшла ў студзеньскім нумары «Бярозкі», а пра маладую пісьменніцу, яе першыя крокі ў літаратурным свеце і сам праект «Аповесць-канструктар» можна прачытаць у лютаўскім нумары часопіса «Маладосць».

Але гэта далёка не ўсе цікавосткі. Вось, напрыклад, у рубрыцы «Выбітныя» Маргарыта Дзяхцяр распавядае пра «Скарбніцу» на вуліцы Кісялёва ў Мінску. Там працуюць людзі, якія нясуць беларускую культуру ў народ. Яны ткуць ручнікі, робяць узоры на вопратцы, паўтараюць даўнейшы беларускі арнамент. Але, нягледзячы на тое, што цяпер вышыванкі сталі папулярнымі, людзі не цікавяцца тымі, хто адраджае амаль забытую беларускую культуру. Дый самі героі сённяшняга «Адраджэння» жадаюць заставацца інкогніта — у матэрыяле няма фота майстрыхі, мы не даведаемся нават прозвішча, толькі імя — Наталля. Затое дазнаёмся пра векавыя традыцыі беларускай вышыванкі. Ці гэтага мала?

Для аматараў малой прозы ў другім нумары «Маладосці» таксама знойдзецца падарунак — асабістыя зацемкі-штрыхі Яўгена Мартыновіча. Тут і пра Моцарта з Сальеры, і пра Вудзі Алена, і пра Андрэя Белага, і пра Вячаслава Адамчыка… Карацей, прасцей пералічыць, пра каго Яўген Мартыновіч не напісаў. Кароценькія нататкі простыя па форме, але глыбокія па змесце. Часам іранічна-жартаўлівыя, ёсць і сумна-саркастычныя, нават рэфлексійнафіласофскія. Адным словам, на любы густ.

Што да дэбютантаў часопіса, то нельга абысці ўвагай вершы Дзяніса Шпіронка. Хаця найперш хочацца адзначыць цікавую асобу самога паэта: з вучобай у ВНУ «не сышліся характарамі», таму адукацыю атрымліваў у бібліятэцы, пасля тэрміновай службы ў войску працуе там, дзе больш падабаецца і куды больш схіляецца душа. Кім толькі не быў: і грузчыкам, і прыбіральшчыкам, і афіцыянтам, і ахоўнікам… А ў перапынках гэтай бурлівай дзейнасці крыху піша, крыху малюе і зусім крышачку падарожнічае. Што да вершаў, то яны выдатна адлюстроўваюць характар Дзяніса: задзірлівыя, смелыя, хуліганскія. Вельмі характэрныя для сучасных маладых літаратараў, якія не баяцца эксперыментаў.

А вось маладая дзявочая проза — як мае быць: пра каханне. Анастасія Падрабінкіна, юная літаратарка з Магілёва, сваё апавяданне «Пра каханне» напісала для ўдзелу ў гарадскім конкурсе маладых пісьменнікаў, які ладзіўся летась. У выніку стала лаўрэаткай конкурсу і дэбютуе ў «Маладосці». Тэкст Анастасіі вельмі рамантычны, шчыры, па-юнацку наіўны і неверагодна прыгожы. А якія яшчэ творы пісаць у 16 гадоў? Шарму і без таго вытанчанаму апавяданню дадалі гравюры Маргарыты Дабравольскай.

Не аднымі дэбютамі парадаваў лютаўскі нумар «Маладосці». Цвіком нумара стала нізка вершаў Таццяны Сівец. Вось дзе павучыцца пачаткоўцам удалым вобразам і трапным выразам, лёгкасці, мілагучнасці і хараству! Прыгажосць і глыбокі сэнс, тонкая драматургія без лішняга пафасу — усё гэта пра паэзію Таццяны Сівец.

Для тых, хто засумаваў па дэтэктыўных гісторыях, — аповесць Уладзіміра Мажылоўскага «Цені крыжа». А на салодкае — міфалагічная фантазія Чарльза дэ Лінта «У гушчарах майго сэрца» ў перакладзе Ганны Бучко, творы маладых паэтаў Арменіі.

Дар’я ЛАТЫШАВА

ЛіМ №9-2016