Агляд літаратурных часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман»

Паэзія. Першы сёлетні нумар «Полымя» прапануе вершаваныя падборкі разважлівага Міколы Маляўкі, інтэлектуальнага Міколавіча (Мікалая Гілевіча) і бліскучай Анхелы Эспіносы Руіс.

Самыя запамінальныя творы Міколы Маляўкі — «Балада пра сонечнае зацьменне» (дасціпная размова Зямлі з Марсам пра ваяўнічых і неабачлівых людзей) і верш «Пра сініцу і жураўля». Кожны чытач па-свойму інтэрпрэтуе лірычны сюжэт у гэтым вершы: радзіма, восень, журавель, радасны сон і радасць ці то мінае, ці то застаецца з Я-героем, нягледзячы на расчараванне. Вершы Анхелы Эспіносы Руіс вельмі асабістыя, але прыватнае — гэта не толькі мары пра русальчын хвост альбо экстаз «ад тваіх гарачых вуснаў». Прыватнае — гэта таксама роздумы пра тэракты, свабоду, творчасць, і менавіта разнастайнасць закранутых тэм імпануе ў творчасці іспанскай паэткі.

Крытыка. Святлана Ганчарова-Грабоўская ў артыкуле «Вобраз Скарыны ў жанравым ракурсе сучаснай беларускай драматургіі» вызначае асноўныя тэндэнцыі ў стварэнні «біяграфічнай драмы», аналізуе розныя падыходы да канструявання вобраза Францыска Скарыны. Аб’ектам даследавання сталі тэксты розных літаратурных кірункаў — традыцыйнага (А. Петрашкевіч, Г. Марчук, Ц. Ільеўскі, М. Туруноўскі, І. Штэйнер, З. Дудзюк, А. Унучак) і эксперыментальнага (А. Курэйчык, М. Рудкоўскі, В. Марціновіч).

У артыкуле змешчана шмат цытат, і, паколькі аўтары надзвычай арыгінальна падышлі да распрацоўкі вобраза першадрукара, даследаванне чытаецца лёгка і цікава і прывабіць не толькі спецыялістаў.

Публіцыстыка. 21 студзеня 1818 года нарадзіўся Адам Кіркор — гісторык, археолаг, этнограф, лінгвіст, выдавец. Пра гэтага слыннага дзеяча беларускай культуры распавядае Эмануіл Іофе ў нарысе «Адам Кіркор: вядомы і невядомы». Уражвае працавітасць і разнастайнасць зацікаўленняў Адама Карлавіча, а таксама яго прагрэсіўнасць. Напрыклад, А. Кіркор першым сярод археолагаў Беларусі і Літвы пачаў раскопваць курганы метадам «накрыж», робячы крыжападобныя траншэі. Ён жа стаў аўтарам першага даведніка па Вільні (1856), які неаднойчы перавыдаваўся.

***

Паэзія. «Маладосць» прадстаўляе беларускіх аўтараў Яну Нікіфараву і Цімура Буйко, а таксама лепшых сербскіх паэтаў у перакладах Івана Чароты і Марыі Кобец. Менавіта ў падборцы вершаў Сербіі, дзе 17 аўтараў прадстаўлены некалькімі лепшымі творамі, чытач адшукае самыя дасціпныя вершы — напрыклад, у паэтычных нізках Любіцы Мілеціч, Гойкі Божавіч, Мар’яны Булатавіч. Творы сербскіх паэтак можна было б з асалодай працытаваць у аглядзе, але найлепш — чытайце «Маладосць» і адшуквайце ўласныя перліны паэтычнага слова!

Проза. Апавяданні Святланы Курганавай і Алены Кісель — пра цуды ды неверагодныя здарэнні. Напрыклад, гераіня апавядання «Ваўчыца» С. Курганавай — дзяўчына з роду неўраў, якія, паводле паданняў, маглі лёгка пераўтварацца ў ваўка, а потым зноў прымаць чалавечае аблічча. Творы маладых аўтарак скіроўваць да роздумаў пра «свет, узнесены вышэй» (словамі згаданай Л. Мілеціч). А вось апавяданні расійскай пісьменніцы Алены Тулушавай, якія друкуюцца ў перакладзе Уладзіміра Саламахі, — больш жорсткія гісторыі пра «мяжу бяссілля і абыякавасці», на якой раз-пораз апынаецца кожны чалавек.

Публіцыстыка. Каля 20 тэкстаў першага нумара «Маладосці» адносяцца да публіцыстычных жанраў: артыкулы, калумністыка, інтэрв’ю. Большасць з іх прысвечаны гісторыі горада Магілёва і яго сучасным жыхарам, а таксама выбітным мясцінам Магілёўшчыны. Так, Уладзімір Цвірка распавядае пра самы вялікі палац Беларусі, які знаходзіцца ў вёсцы Жылічы Магілёўскай вобласці. Выданне тэматычнага «магілёўскага» нумара мае ўрачыстую нагоду: у 2017 годзе горад на Дняпры адзначыў 750-годдзе.

Сярод лепшых публіцыстычных тэкстаў — інтэрв’ю з Ігарам Казаковым, рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Святлана Курганава раскрывае не толькі светапогляд маладога рэжысёра, але і таямніцы прафесіі. Галоўнае ж, што пасля чытання гэтага матэрыялу хочацца хутчэй набыць квіткі ў найбліжэйшы тэатр — а значыць, мэта дасягнута!

***

Тэма. У студзеньскім «Нёмане» сабралася багата тэм і сюжэтаў, скіраваных у мінулае, ці, прынамсі, на асэнсаванне літаратурнай і гістарычнай спадчыны. Цікавай для ўсіх знаўцаў беларускай літаратуры першай траціны ХХ стагоддзя будзе публікацыя апавяданняў Барыса Мікуліча — пісьменніка, творчую спадчыну якога мы толькі пачынаем асэнсоўваць у поўным аб’ёме. Якім жа не падобным да сваіх сучаснікаў ён быў!

Паэты сыходзяць, а святло іх зоркі няспынна асвятляе чыйсьці шлях. Святлана Яўсеева, спрабуючы запаволіць хаду часу, піша лісты да паэта, значна больш вывучанага і знаёмага нават школьнікам, — Максіма Танка.

Проза. Галіна Пагуцяк прапаноўвае свой літаратурны дзённік «Аўра старажытнага горада», прысвечаны Калінінграду-Кенігсбергу. Азначэнне «літаратурны» тут сапраўды істотнае, а вось «дзённік» — умоўнае. І хаця адпаведная дзённікавым запісам разбіўка на асобныя дні захаваная, атрымліваем хутчэй дзённікі памяці, эмоцый, сімпатый… Аўтар доўга водзіць чытача лабірынтамі сваіх пазачасавых сноў і асацыяцый, каб урэшце стварыць адчувальны каларыт пэўнага часу.

Зусім іншая проза ў Алены Крэс: прадметная, побытавая. Апісанне найдрабнейшых дэталяў жыццёвага клопату герояў займае ўсю творчую прастору, не пакідаючы месца тонкім душэўным перажыванням. Сапраўды, часам так бывае, што побытавыя дэталі гавораць самі за сябе, ствараючы і сюжэт, і характар. Аднак у апавяданнях Алены Крэс гэтага не адбылося: апісанне не выйшла на ўзровень самадастатковасці.

Паэзія. Вылучаецца сярод нёманскіх паэтаў катэгарычна рэзкі Антон Саладоўнікаў. Кант, Ніцшэ, Замяцін, Оруэл і Полак у адным вершаваным полі пад соусам са шчырых самасцвярджэнняў і не менш шчырых самаадмаўленняў.

Бясспрэчна, увагі заслугоўвае «Сусветная літаратура ў “Нёмане”», прысвечаная гэтым разам Сербіі. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё сербаў апошніх дзесяцігоддзяў не дазваляе пісьменнікам спачываць на лірычных аблоках абстрактных тэм. Проза прадстаўленая творамі Слабадана Сіміча (пераклад на рускую мову Кайрата Бакбергенава), Лабуда Драгіча і Мома Капара (пераклад Аляксея Чароты). Завостраная публіцыстычнасць, сатырычнае асэнсаванне сучаснасці і скрушныя, на мяжы прызнання безвыходнасці, характарыстыкі светапогляду новага чалавека, чалавека эпохі страчаных каштоўнасцяў, у кароткіх аповедах-прыпавесцях Слабадана Сіміча часам нагадваюць інтанацыі тугі і адчаю ў позняй творчасці Васіля Быкава.

У празаічных замалёўках Лабуда Драгіча алегорыі анамалій рэчаіснасці не такія празрыстыя, хаця для сучаснікаў, бясспрэчна, зразумелыя без дадатковых тлумачэнняў культурнага кантэксту. Спалучэнне класічных апісальных характарыстык героя, месца і часу, канкрэтных жыццёвых рэалій з сатырычнымі абагульненнямі выканана настолькі па-майстэрску, што чытачу не даводзіцца адмыслова шукаць ключ да разгадкі алегорыі: ён у той сэнсавай кропцы, якую ставіць аўтар.

Апавяданне Мома Капара «Вяртанне Дон Жуана» ўразіць найперш глыбінёй псіхалагізму. Звычайная, на першы погляд, гісторыя мужчыны, які мае за плячыма багата пройдзеных дарог і перажытых жарсцяў, пераўтвараецца пакрысе ў насычаную рознымі адценнямі карціну чалавечай адзіноты.

Паэтычная дзялянка прадстаўлена змястоўнай нізкай вершаў з анталогіі сербскай паэзіі ХVІ — пачатку ХХ ст. у перакладах Таццяны Піскаровай. Літаратуразнаўчыя абсягі папоўняцца грунтоўнай рэцэнзіяй Івана Чароты на кнігу доктара Мітры Рэліч «Сербская мова ў Косава і Метохіі сёння: сацыялінгвістычны і лінгвакультуралагічны аспекты», а таксама даследаваннем Ганны Навумавай «Беларуская і ўкраінская рэцэпцыя Іва Андрыча».

Вядома, сербская тэма гучыць у студзеньскіх часопісах невыпадкова: менавіта Сербія — ганаровы госць ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Алеся Лапіцкая

Жанна Капуста

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.