Агляд літаратурных часопісаў

Пісьменнікі — людзі незвычайныя. Гэта ўсім вядома. Нездарма пра іх увесьчасна кажуць: не ад гэтага свету, галава ў мроях… Творчы чалавек сваім талентам асуджаны заўсёды, кожную хвіліну жыць на два сюжэты: рэальная біяграфія, якая адлюстроўваецца ў фактах, і паэтычная сапраўднасць, якая знаходзіць выяўленне ў творах. Другі сюжэт для самога пісьменніка не менш рэальны за першы. І калі за развіццём біяграфіі часта прыглядваюць блізкія людзі і анёлы, то ў мастацкай творчасці — неаспрэчны і ўсёўладны гаспадар адзін. Творца.


Вечна малады, заўсёды актуальны

Кожны тоўсты літаратурна-мастацкі часопіс — гэта цэлая эпоха ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. Нават калі гісторыя яго выдання не сягнула далей за некалькі гадоў. Часопіс ствараецца як пэўная канцэпцыя развіцця літаратуры (а шырэй — гуманітарнай сферы ўвогуле), «бярэ на выхаванне» пэўнае пакаленне, загартоўвае таленты, фарміруе мастацкія плыні і напрамкі. Усё гэта ў поўнай меры стасуецца да часопіса «Маладосць», які сёлета святкуе 65-годдзе.

Юбілейны красавіцкі нумар атрымаўся надзвычай змястоўны, насычаны, разнапланавы і разнажанравы. Да яго, думаецца, будуць звяртацца не адно дзесяцігоддзе: такі сабе кароткі курс гісторыі выдання ад 1960-х да нашых дзён. Аўтары розных пакаленняў прадставілі сваё бачанне кожнага перыяду жыцця часопіса, якое красамоўна акрэсліваецца ў назвах раздзелаў: «1950-я. Гартаючы рарытэты», «1960-я. Вецер перамен», «1970-я. Паралелі і перпендыкуляры», «1980-я. Паміж вусцішшу і шчасцем», «1990-я. Час надзеі», «2000-я. На пачатку новага стагоддзя». І апошні раздзел — «2010-я. Random forest» — толькі пачаты, бо пішацца ў сучаснасці і асэнсоўваць яго будуць літаратурныя пераемнікі.

Першыя сціплыя публікацыі класікаў і смелыя прапановы, якія засталіся на ўзроўні дэкларацый, унікальныя аўтарскія праекты, знакавыя інтэрв’ю, шаржы, пародыі, кур’ёзныя выпадкі і складаныя падцэнзурныя часы, характэрныя фотаі графічныя мастацкія ілюстрацыі… І, зразумела, постаці, рэдактарскія прынцыпы якіх сталі падмуркам сучаснага аблічча «Маладосці»: Аляксей Кулакоўскі, Пімен Панчанка, Алесь Асіпенка, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Анатоль Грачанікаў, Генрых Далідовіч, Раіса Баравікова. І — Таццяна Сівец і Святлана Воцінава, якія перанялі эстафету ў новым стагоддзі. Даследуючы і супастаўляючы гістарычную эпоху і эпоху літаратурную, маладосцеўцы змаглі адшукаць адметны аўтарскі падыход да ўсіх галоўных рэдактараў. І гэта, безумоўна, дапамагло аднавіць гісторыю развіцця часопіса ў творах, канцэпцыях і асобах.

У руках сучаснасці

Пра Чарнобыль пісаць няпроста. І калі пісаць, то — відавочнае, публіцыстычнае. Асэнсоўваць тэму ў межах мастацкай прозы, не паўтараючы сказанага, не рызыкуючы надаць словам банальнага пафасу, — амаль немагчыма. Увесь час думаеш пра гэта, чытаючы апавяданне Наталлі Касцючэнкі «Бабіна лета». Галоўная гераіня вяртае нас у верасень 1985 года — для многіх апошняе шчаслівае, не бесклапотнае, але насычанае звыклым сялянскім клопатам. Сцішаная самота настальгічных успамінаў — пра незабыўнае і незваротнае, глыбокі чалавечы роздум і такі пазнавальны беларускі гумар! Не роспач з рытуальным плачам, а канцэнтрацыя болю. І чым больш запаволеная апавядальная рытміка, тым больш выразна гэта адчуваецца.

Казімір Камейша зноў прапаноўвае нам спыніць імгненне «паміж кубкам і вуснамі» і задумацца над хуткаплыннасцю жыцця, двухсэнсоўнасцю чалавечых абяцанняў, прывідным шчасцем здзейсненых мараў… І — сапраўднай сутнасцю паэзіі, лабірынтамі якой ходзяць многія, але знаходзяць выйсце адзінкі.

І гэта выдатна ілюструюць вершаваныя нізкі Мар’яна Дуксы, Пятра Жаўняровіча і Юрыя Баены. Паэтычная думка, натхнёная тэмай Вялікадня, узнеслася ў вышыні духоўнага самапазнання. Мар’ян Дукса заглыбляецца ў рэлігійныя рэфлексіі, шукае ў біблейскіх запаветах надзейныя адказы на спрадвечныя пытанні. Пятро Жаўняровіч наладжвае сваю ліру на тонкі паэтычны лад у пошуках суладдзя мелодый сонечных промняў і людскіх мараў. А вось герой Юрыя Баены значна больш зямны ў сваіх памкненнях: не баіцца ісці неспазнанымі дарогамі лёсу, зрэшты, і бездараж няпэўнасці ў дні заўтрашнім яго таксама не пужае.

«Галасы свету» гэтым разам прамаўляюць з Украіны. У навелах украінскай пісьменніцы Марыі Вайно беларускі чытач сустрэне добра знаёмыя інтанацыі: пошукі шчасця на схіле самотных дзён, звычайны штодзённы клопат і вера ў неўміручасць кахання.

Спакуса незвычайнасці

Крыху ўводзіць у зман назва аповесці Мікалая Краўцова «Пяць рублёў вырашаюць усё». Не разгледзіш за гэтымі практычна-эканамічнымі словамі фантастычнамістычнага зместу. Галоўны герой твора Міхаіл пасля смерці бацькі пачаў забаўляцца перасяленнем у целы іншых людзей: пасля таго, як адпомсціў усім нядобразычліўцам-калегам, ездзіў па замежжы ў целах выпадковых турыстаў, наведваў дарагія рэстараны, сустракаўся з прыгожымі жанчынамі. Аднойчы нават прабыў некалькі гадзін у целе кацяня…

Вясёлае чытанне перарываецца філасофскай высновай: як бы ні было шыкоўна мець магчымасць пражыць некалькі жыццяў, тваё адзінае, недасканалае, самотнае, жыццё — найлепшае. Герой «затрымліваецца» на працяглы час у целе суседа-алкаголіка Стасіка (якога судзяць за крадзеж і напад), пакуль яго ўласнае цела знаходзіцца ў неўралагічным аддзяленні ў стане комы. Жаданне вярнуцца да сябе сапраўднага ўяўляецца найвялікшым шчасцем, рызыкаваць якім ужо больш ніколі-ніколі Міхаіл не збіраецца. Ну, хіба толькі дзеля таго, каб перасяліцца ў цела Барака Абамы і навесці парадак у міжнароднай палітыцы. Павучальныя высновы аказваюцца падманкай: не, тут няма класічнай маралі, бо чалавек не можа супрацьстаяць спакусе не быць звычайным.

Іван Саверчанка прапаноўвае аўтарскі пераклад на рускую мову аповеду «Скарбы крывічоў. Па слядах легенды». Перад намі паўстае гісторыя Рагвалода — ад пачатку яго княжання на Полацкай зямлі да самай смерці. Гісторыя, важная і родная нам настолькі, што яе можна пераасэнсоўваць у любым жанры і родзе мастацтва. Створаны з відавочным азнаямляльна-адукацыйным ухілам (згадваюцца не толькі гістарычныя даты, але і персанажы беларускай міфалогіі, старажытныя абрады), аповед будзе асабліва цікавы школьнікам і настаўнікам, а таксама тым, хто хоча за кароткі час пазнаёміцца з беларускай даўніной.

Віктар Шніп у паэтычнай нізцы з аднайменнай назвай пераконвае, што «яшчэ няпозна штосьці памяняць». Тужлівым дысанансам гучаць у гэтыя сонечныя дні пранізлівадажджлівыя лістападаўскія матывы. Зрэшты, самаадчуванне паэта супадае з унутраным настроем, а не з тым, што на дварэ. І калі адзінота назапасіла пад небам жыцця слёз, што хопіць для цэлай планеты, няма прычын іх стрымліваць. Мары пра каханне, уплеценыя ў восеньскія краявіды, гучаць натхнёна і самотна дзякуючы ўдаламу перакладу на рускую мову Юрыя Мацюшкі.

Восеньскую песню пераймае і гераіня Тамары Красновай-Гусачэнкі. Нізка «Беражы тое, што ёсць» насычаная болем страты, «ад якога няма ратунку», але адначасова і — любоўю, якая мае шмат абліччаў, формаў, слоў, але не мае ўзросту. Пустэчы дробязнага клопату і мізэрных думак паэтэса супрацьпастаўляе менавіта любоў. І калі чалавек не будзе «тратить сил души на пустоту», то гэтая ісціна яму адкрыецца.

Вершы Івана Валасюка, Кацярыны Дзерышавай, Ірыны Жарыкавай, прадстаўленыя ў раздзеле «“Сябрына”: Беларусь — Украіна», вызначаюцца надзвычай напружаным адчуваннем сучаснасці — на мяжы жыцця і смерці, надзеі і безвыходнасці, паміж забыццём і вечнасцю. Нельга абвінаваціць паэтаў у празмерным пафасе, бо ў вершах няма ніводнага выпадковага, штучнага радка.

Жана КАПУСТА

«Літаратура і мастацтва»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.