Агляд чэрвеньскіх літаратурных часопісаў

На старонках чэрвеньскага нумара «Полымя» паэзія прадстаўлена Фёдарам Гурыновічам, Глебам Ганчаровым і Аляксандрам Быкавым. Замілаванне прыродай чалавека і наваколля; мастацтва, каханне, філасофскі роздум над вечным, спробы асэнсавання лёсу — асноўныя тэмы іх твораў. Асабліва ўдалымі падаюцца чатырохрадкоўі А. Быкава, дзе іронія мяжуе з сур’ёзным:

 Як стаць Богам

 Смаўжа, што выпаўз на дарогу,

Пашкадаваў.

Жыві наноў!

Так лёгка станавіцца Богам,

Калі адзін ты між смаўжоў!

У рубрыцы «Спадчына» змешчаны вершы Давіда Сімановіча (1932—2014). Яго імя непарыўна атаясамляецца з Віцебскам — горад адыграў значную ролю ў жыцці і творчасці паэта. З рускай мовы на беларускую яго вершы перастварылі Рыгор Барадулін, Уладзімір Папковіч і Алена Крыклівец.

«Угледзьцеся ў вочы начэй…» — заклікае Лула Куна, чыя паэзія разам з творчасцю Адама Ахматукаева, Пецімат Пяціравай, Вахіда Ітаева і Сулімана Мусаева прадстаўлена ў рубрыцы «Галасы свету».

Што ёсць для нас Дарога?

Жыццё!

Праз Смерць, праз Пекла неразумення і непрымання — да Неба…

…Мы самі і ёсць — Дарога,

Бясконцая, як ёсць бясконцы Час…

Уражвае філасофская глыбіня ў асэнсаванні быцця, у поглядзе на жыццё і сябе ў Сусвеце чачэнскіх творцаў, пераствораных па-беларуску Марыяй Кобец, Юліяй Алейчанкай, Інай Фраловай, Валерыяй Радунь і Бажэнай Мацюк.

Раман-рэфлексія — менавіта так Мікола Адам вызначыў жанр уласнага твора, прысвечанага бацькам. «…І прыдбаў гэты дом» — яго часопісны варыянт. Расповед пра тое, як назаўжды паядналіся лёсы дваіх — беларускага вяскоўца і дзяўчыны з далёкага Казахстана. Пра тое, як няпроста захаваць сям’ю, нават калі ёсць галоўнае — каханне.

Апавяданні Андрэя Сідарэйкі «На ўскрайку вечнасці» і «Цюцік» — пра адзіноту. Сам-насам і ў шматлюдным горадзе. Дзед Хведар застаўся апошнім жыхаром апусцелай вёскі. Пенсіянерка Антаніна Цімафееўна — сярод добразычлівых нібыта людзей дзеліць самоту з сабачкам.

«…Шчыльны нябесны кілім, які ўсю ноч хаваў ад людзей зоры і месяц, урэшце з’ехаў за далягляд, каб накрыць сабой другую палову Сусвету. І сонца, якое спачатку грукнулася ў гэты бетонны покрыў, разбілася і расцяклося па ім крывавым морам, нарэшце паказалася над горадам», — так незвычайна апісваецца звычайны пачатак дня звычайнага чалавека. Апошні ў яго жыцці. Вадзім Крук па-майстэрску інтрыгуе чытача з першых радкоў апавядання «Апошняе сонца».

Яна БУДОВІЧ


Лета для паэта

У новым нумары «Нёмана» самы яркі, смелы, сонечны тэкст — апавяданне Юліяны Пятрэнкі «Табар сыходзіць у неба» («Табор уходит в небо»). Лета — час вандровак, але шаноўная аўтарка нагадвае, што экзатычнае, незвычайнае, рамантычнае можна знайсці зусім побач — варта толькі прыгледзецца і пацікавіцца…

Цыганы — адзін з самых загадкавых народаў, а кожная таямніца, як вядома, прываблівае — тым больш калі знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі. Ю. Пятрэнка з дзяцінства марыла жыць у цыганскім табары. І вось аднойчы пераехала разам з сям’ёй у цыганскі раён горада Гомеля, пазнаёмілася з суседзямі, крытычна перагледзела этнастэрэатыпы (адны меркаванні пра цыган — слушныя, іншыя — бесцырымонная хлусня), даведалася пра звычаі і традыцыі гэтага народа. У тэксце спалучаюцца гістарычныя звесткі, назіранні, развагі, замалёўкі, таму «Табар сыходзіць у неба» («Табор уходит в небо») па жанры — хутчэй не апавяданне, а нарыс ці эсэ. Важна, што Ю. Пятрэнка прысвяціла значную ўвагу сучаснаму (ужо аседламу) жыццю цыган: апісала побыт, рысы характару, адметны рэлігійны светапогляд. Твор будзе цікавы для самага шырокага кола чытачоў — дзякуючы шчырасці аўтаркі, яе імкненню да аб’ектыўнасці — без перабольшванняў і перагінаў у той ці іншы бок.

З вялікім задавальненнем чэрвеньскі нумар «Нёмана» будуць гартаць аматары лірычнай, рэфлектыўнай, элегічнай паэзіі. У часопісе прадстаўлены вершаваныя падборкі Міколы Маляўкі, Анатоля Аўруціна, Зміцера Арцюха, Алеся Дуброўскага-Сарочанкава, Фелікса Чэчыка. Творы гэтых аўтараў напісаны ў адной танальнасці. Лета для нашых паэтаў незалежна ад узросту — час роздумаў і настальгіі (а не прыгодаў і актыўных дзеянняў). Творцы згадваюць дзяцінства, бацькоў, родную вёску — пранікліва, але не сентыментальна. Так, для Ф. Чэчыка маленства — не толькі светлы час, у які хацелася б вярнуцца, але і гістарычная эпоха са сваімі вусцішнымі непаразуменнямі:

Я учился, влюблялся, дружил,

я был счастлив, как не был ни разу:

посреди разоренных могил,

но невидимых сердцу и глазу.

Что ты скажешь теперь, балабол?

Теплотрасса нуждалась в ремонте!

С пацанами играли в футбол

черепами Рахели и Моти.

Вершы А. Дуброўскага-Сарочанкава натхняюць пісаць, ствараць, любіць літаратуру. Тое ж датычыцца падборкі А. Аўруціна, дзе з засмучэннем згадваюцца беларускія творцы, якія пайшлі з жыцця. Цікавы і верш пра Аляксандра Пушкіна ды Міхаіла Лермантава: ці маглі, напраўду, паэты не загінуць на дуэлі — забіць сапернікаў і пры гэтым застацца ў гісторыі рускай літаратуры?.. У падборцы кожнага аўтара багата радкоў, над якімі хочацца паразважаць, якія будуць прачытаны з удзячнасцю і душэўнай чуласцю.

Юлія ШПАКОВА


Птушкі і краты

Улетку ўсе мараць пра мора. Таму творы адпаведнай тэматыкі ў чэрвеньскай «Маладосці» прадказальныя. Вікторыя Сінюк запрашае нас у «Вераснёвы шторм на Чорным моры» і, клапоцячыся пра тое, каб мы не прапусцілі аніводнага сонечнага промня з Крымскага ўзбярэжжа (дзеянне адбываецца да 2014 года), вельмі падрабязна апісвае адпачынак гераіні. Мы ведаем, пра што яна думае, чым снедае і абедае, пра што згадвае, па кім сумуе, за кім падглядае, каго фатаграфуе. Размовы паміж героямі сумленна перадаюцца аўтарам з такой колькасцю дэталяў, якая зусім непатрэбная ні для сюжэта, ні для раскрыцця задумы. Урэшце ў апавяданні не адбываецца нічога, затое вельмі шмат усяго пераказваецца. Мабыць, прыкладна так выглядаюць дзённікавыя нататкі, якія маюць тэрапеўтычнае значэнне для таго, хто піша, і не прызначаныя для іншага вока.

«Ліст Чалавеку» (а гэта значыць кожнаму з нас, бо ўсе мы людзі) адрасавала Юлія Міцкевіч. Аднак ліст гэты, думаецца, мае вельмі спрэчнага адрасата. Урыўкі думак, уражанняў, апісанні краявідаў, зусім не новыя псіхалагічныя высновы… «Я — Юля. Я пішу ліст чалавеку» — гучыць, вядома, пафасна. Але апошнім часам аўтары часопіса значна болей старання ўкладаюць у прэзентацыю творчага крэда і выбар фотаздымка, чым у змест твора.

Паэзія ў гэтым месяцы мае выключна дзявочае аблічча: Ганна Комар ратуецца вершамі «Пасля страху», Юлія Алейчанка шукае «Ключы ад лета», Маргарыта Латышкевіч настойліва раіць «Не прыхінацца да шкла». А Марыя Мартысевіч ведае, як важна для творцы «Хацець будаваць масты».

Маладосцеўцы адкрываюць новую рубрыку «For example. Выбар рэдакцыі», у якой публікацыі твораў пэўнага аўтара будзе папярэднічаць кароткі літаратурна-крытычны ўступ.

Першым «выбарам рэдакцыі» стала Марыя Мартысевіч у літаратурна-крытычным суправаджэнні Алены Карп. Такі выбар не патрабуе дадатковага тлумачэння: вершы М. Мартысевіч сапраўды прыцягваюць увагу шырокай чытацкай аўдыторыі і актыўна абмяркоўваюцца ў літаратурных колах. Адметнае спалучэнне такога роднага і знаёмага космасу беларускай вёскі з рэаліямі сталічнага жыцця, глыбокае адчуванне мовы, яе фразеалагічных магчымасцяў, а ў выніку — стварэнне ўласнай унікальнай іншасказальнасці, — тое, што характарызуе паэтычнае светабачанне М. Мартысевіч.

Людзі капаюць лёхі, метро, катакомбы, склепы,

бо хочуць быць птушкамі,

але больш — кратамі.

У трох радках — сэнсавая глыба, вартая рамана. Задума рэдакцыі падаецца вельмі цікавай. Чакацьмем працягу!

Жана КАПУСТА

«Літаратура і мастацтва»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.