Адкрыты ліст да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка

Адкрыты ліст у Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі з нагоды 110-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Максіма Танка

Таццяна Цвірка

Колькі б разоў ні звярталася я да паэзіі Максіма Танка, заўсёды знаходжу ў ёй мудрае, павучальнае, а галоўнае – з маладосці вучуся ў яго, як шукаць сваё, адметнае. Ён натхніў мяне на напісанне верлібраў. Максім Танк – адзін з маіх любімых беларускіх творцаў.

***

Я з ім не расстаюся і ў дарозе,
Ён на падушцы побач ноччу спіць.
У вольны час і нават у знямозе
Яго пабачыць вельмі мне карціць.
У позні вечар і дажджлівым ранкам
Ён сэрца моўчкі разварушыць мне,
Маленькі томік слоў Максіма Танка,
Слоў дзіўных, у якіх душа жыве!

***

Заблуджуся ў творчым, мудрым свеце
І няспешна буду выбірацца.
Водарам цудоўных, добрых песень
Доўгі вечар буду наталяцца.
Беларусь пабачу і замежжа,
Шчасцю закаханых падзіўлюся,
А на развітанне, як належыць,
Танкаўскаму свету пакланюся.