Адбылася прэзентацыя кнігі «Званоў перазвон»

 

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адбылася прэзентацыя літаратурнага зборніка «Званоў перазвон», выдадзенага Выдавецкім домам «Звязда».

У стварэнні зборніка прынялі ўдзел прадстаўнікі многіх літаратурных аб’яднанняў Мінскай вобласці, перш за ўсё — члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Мерапрыемства адкрылі дырэктар бібліятэкі Наталля Вашчыла і старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.

— Ідэя тэматычнага зборніка зарадзілася ў пісьменнікаў Міншчыны ў год васьмідзесяцігоддзя Хатынскай трагедыі. Быў праведзены своеасаблівы літаратурны «марафон» памяці. Творы, якія паступілі да нас, а гэта не толькі вершы, але і проза, публіцыстыка, краязнаўчыя даследаванні, былі ўважліва вывучаны, размешчаны на сайце. Большая частка з іх увайшла ў зборнік, які мы сёння прадстаўляем, — адзначыў у сваім выступленні Леанід Крыванос. — Самаму маладому аўтару каля трыццаці гадоў, самаму даросламу — каля васьмідзесяці. У выданні прадстаўлена творчасць каля трыццаці аўтараў.

Падчас прэзентацыі прысутным былі паказаны відэафрагменты з дакументальных фільмаў, прысвечаных Хатыні і многім іншым беларускім вёскам, якія назаўсёды згінулі ў бязлітасным агні ад рук нелюдзяў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Паэты і пісьменнікі Уладзімір Цанунін, Іна Фралова, Людміла Круглік, Наталя Жызнеўская прачыталі вершы, якія ўвайшлі ў выданне.

Напрыканцы вечара Леанід Крыванос перадаў бібліятэцы асобнік кнігі з аўтографамі кожнага з аўтараў.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ,

“Звязда”,

Фота аўтара

Дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Наталля Вашчыла

Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос
Паэт і музыка Уладзiмiр Цанунiн
Паэтэса Людмiла Круглік
Пісьменніца Наталля Жызнеўская