“Ад Ісла-Негры да Усходу!”. Паэзія Марыі Кобец у сусветнай анталогіі ў Чылі
Share the post "“Ад Ісла-Негры да Усходу!”. Паэзія Марыі Кобец у сусветнай анталогіі ў Чылі"
“Ад Ісла-Негры да Усходу!”. Пад такой назвай напярэдадні ў Рэспубліцы Чылі пабачыла свет анталогія сучаснай сусветнай паэзіі. Творы 88-мі аўтараў з 35-ці краін свету спляліся разам у рознакаляровым паэтычным вянку. Пад беларускім сцягам на старонках выдання была прадстаўлена паэзія Марыі Кобец.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Албанія, Алжыр, Арменія, Афганістан, Бельгія, Бразілія, Боснія і Герцагавіна, Велікабрытанія, Грэцыя, Егіпет, Індыя, Ірландыя, Італія, Казахстан, Канада, Кітай, Косава, Македонія, Марока, Мексіка, Непал, Пакістан, Польшча, Расія, Румынія, Саудаўская Аравія, Сербія, Сірыя, Славакія, Тайвань, Туніс, Швецыя… Паэзія Беларусі на сусветнай літаратурнай пляцоўцы была прадстаўлена творам Марыі Кобец у перастварэнні маладой перакладчыцы з Мексікі Алісіі Міньярэз Рамірэз. Яна ж, між іншым, а яшчэ Ксімена Гацье з Францыі і парупіліся над перакладамі на іспанскую мову твораў усіх аўтараў, што ўвайшлі ў кнігу. Звяртаючыся да ўдзельнікаў анталогіі ў прадмове да выдання, яго рэдактар і ўкладальнік, паэт, празаік А̀льфрэд Асі̀с пазначыў:
- Слова паэта – гэта галоўная зброя ў справе барацьбы супраць тых негатыўных з’яваў, што пануюць сёння ў гэтым свеце. Усе мы добра ведаем сацыяльныя, экалагічныя праблемы, якія існуюць на планеце, ведаем і складанасці вырашэння пытанняў захавання міру ва ўсім свеце, а таксама спынення ўзброенага супрацьстаяння нацый у пастаянным канфлікце, што у фармаце міжнароднага суіснавання народаў працягвае вырашацца жыццямі нявінных людзей. І ў гэтым кантэксце менавіта Слова Паэта гучыць праз пустыні да гор, ад гор да мораў, з заклікам кіраўнікоў свету спыніць распрацоўку ваеннай зброі, што выкарыстоўваецца з мэтай знішчэння людзей. На вялікі жаль, заклік да цывілізаванага дыялогу сёння выглядае няўцямным мармытаннем у космасе, а выбух гармат чутны зусім побач з нашымі дамамі. У бязлітасным вэрхале пад бомбамі і сёння бесчалавечна гінуць жанчыны і дзеці, старыя і нямоглыя…
- А можа і сапраўды паэты якраз і з’яўляюцца, так бы мовіць, тымі Пакліканымі, што Словам жывым змогуць дастукацца да сэрцаў злачынцаў і тым самым паўплываць на вырашэнне такіх важных пытанняў? … Але, ці будуць нашыя словы і творы настолькі моцнымі, што ў стане будуць спыніць безліч гэтых злачынстваў?
- Менавіта таму ў супрацьдзеянне ўсім тым працэсам – гэтая кніга. Для таго, каб кожны з вас, запаўняючы белыя аркушы паперы паэтычнымі ўзнёслымі творамі, змог хаця б крыху ўпрыгожыць гэты свет фарбамі паэтычных цікавостак, разбураючы ўсялякія жаданні злачынцаў парушыць цішыню і спакой, абараняючы грамадства ад любых пагрозаў, што парушаюць мір ва ўсім свеце і ствараюць жыццё на планеце без выбухаў і гармат.
Марыя КОБЕЦ (19.10.1974) – паэт, перакладчык, журналіст, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2012), Залаты лаўрэат «Міжнароднай Еўразійскай літаратурнай прэміі» (Масква) у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2018), лаўрэат ІІ ступені ў намінацыі “Паэзія” у Міжнародным літаратурным конкурсе ў Італіі (г.Балоння) (2019) (за верш “Ліст да Збавіцеля” у перакладзе на італьянскую мову Клаўдзіа Пічына). Аўтар паэтычных зборнікаў “Кроплі” (2011), “Палыновая квецень” (2016), “У белым ветразі завей” (2018), удзельнік шэрагу калектыўных зборнікаў паэзіі і анталогій, у тым ліку і міжнародных (у Албаніі, В’етнаме, Грузіі, Індыі, Іспаніі, Малайзіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Чачні, Чарнагорыі, Чылі, Чувашыі). Асобныя вершы Марыі Кобец перакладзены на азербайджанскую, албанскую, англійскую, арабскую (Саудаўская Аравія), армянскую, башкірскую, бенгальскую, в’етнамскую, венгерскую, грузінскую, грэчаскую, італьянскую, іспанскую (Мексіка), кабардзіна-балкарскую, ка̀ннада (Індыя), казахскую, кітайскую, кіргізскую, крымска-татарскую, малайскую (Малайзія), малаяла̀м (Індыя), македонскую, нямецкую, нідэрландскую, панджабі̀ (Пакістан), партугальскую, польскую, румынскую, рускую, сербскую, тайваньскую, туркменскую, турэцкую, украінскую, урду (Пакістан), хіндзі, чарнагорскую, чачэнскую, чувашскую мовы.
Прэс-служба МАА ГА СПБ