Абласны этап конкурса чытальнікаў “Жывая класіка”

24 мая 2019 года ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся фінал абласнога этапу рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме».

Пераможцы раённых этапаў сабраліся разам, каб паказаць свой артыстызм, любоў і павагу да беларускай літаратуры, глыбіню пранікнення ў вобраз і сэнс выбранага твора.

У склад журы конкурса ўвайшлі: старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава; члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомыя паэты і пісьменнікі Рэгіна Рэўтовіч, Аляксей Шаўцоў, Сяргей Клімковіч і Рыгор Саланец; дырэктар выдавецтва для дзяцей «Элбіпрэс» Людміла Ляскоўская; супрацоўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Прызы для пераможцаў конкурсу падрыхтавалі выдавецтвы «Элбіпрэс» і «Аверсэв», Музей дзяцінства (г. Мінск), грамадская арганізацыя «Беларускі саюз жанчын».

Мерапрыемства пачалося з выступлення рэктара Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланы Сітнікавай, якая адзначыла важнасць развіцця дзяцей і падлеткаў праз павышэнне ў іх цікавасці да чытання і пажадала поспехаў усім удзельнікам конкурсу. Старшыня журы Святлана Быкава павіншавала ўсіх прысутных са святам паэзіі і прачытала свой верш-натхненне «Зоркі на небасхіле, зоркі сярод людзей…», прысвечаны творчасці і творчым людзям, што, як зоркі, асвятляюць жыццё сваім душэўным святлом.

Для конкурса ўдзельнікі выбралі творы вядомых класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Пятруся Броўкі, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, і творы сучасных беларускіх аўтараў – Святланы Алексіевіч, Міколы Чарняўскага, Уладзіміра Карызны, Кастуся Цвіркі,  Івана Муравейкі, Уладзіміра Цануніна, Хведара Гурыновіча і іншых.

Пры падвядзенні вынікаў конкурсу членамі журы была адзначана высокая падрыхтоўка ўдзельнікаў.

96 удзельнікаў спрачаліся за права прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу. Пераможцамі сталі 20 чытальнікаў, чацьвёра з іх прымуць удзел у апошнім, рэспубліканскім этапе конкурса, які адбудзецца 31 жніўня-1 верасня падчас правядзення Свята пісьменнасці ў горадзе Слоніме.

Віншуем юных чытальнікаў і іх педагогаў з перамогай!

Жадаем творчага натхнення і поспехаў на рэспубліканскім этапе ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці!

 

Інфармацыя: з сайта ДУА “Мінскі абласны інсцітут развіцця адукацыі”