А.Жураўлёў. НЕПЕРАМОЖНАЯ МЕЛОДЫЯ
1
Ясным красавіцкім ранкам, калі веснавое сонца на талым снезе іскрылася, іграла ўсімі колерамі вясёлкі і ад глянцу асфальту шашы дрыжала і струменілася празрыстае марыва, армейскі зялёны аўтобус вёз нас, малодшых камандзіраў, на бліжэйшую чыгуначную станцыю. Адтуль цягніком мы павінны былі адправіцца ў адзін з палкоў Паўночнай групы войск, які дыслацыраваўся ў Польшчы. Было гэта ў так званыя “даперабудовачныя часы”. Мы, паўгода таму прызваныя ў войска, толькі што скончылі «вучэбку» і нам былі прысвоены званні малодшых сяржантаў.
Сядзім моўчкі. Па дарозе шафёр аўтобуса з дазволу старшага машыны, капітана, які суправаджаў нас, падабраў галасуючых – яшчэ нестарога мужчыну ў афіцэрскім бушлаце і маленькую камлюкаватую жанчыну з хлапчуком. Як я зразумеў, гэта былі дзядуля з бабуляй і іх унучак.
Я глядзеў у акно на родны беларускі пейзаж – з ім літаральна праз лічаныя гадзіны давядзецца развітацца на цэлыя паўтара года. Сустрэчны вецер задзімаў у салон аконную фіранку, праз адчыненую фортку матляў яе тонкую тканіну, закідваў на плячо капітана, які сядзеў спераду, каля вадзіцеля.
Прамая, як страла, дарога цягнулася да гарызонту. За шклом аўтобуса чарнелі амаль цалкам аголеныя ад учарашняга снегу палеткі, акружаныя з усіх бакоў сцяной лесу, зрэдку ўзбоч дарогі сустракалася кусты вербалозу, якія ўжо радавалі сваімі жоўтымі каташкамі. Плаўна пагойдваючыся, аўтобус манатонным, быццам рой пчол, пошумам роўна працуючага рухавіка хіліў пасажыраў на сон. Дарога супакойвала, адганяла прэч горыч і нязведанасць.
Мы праехалі добрую сотню кіламетраў, калі старшы машыны скамандаваў:
– Перакур – дзесяць хвілін!
Амаль усе, быццам згаварыўшыся, пераскочылі прыдарожны схіл і накіраваліся ў адзін бок, да бярозавага гаю.
Абапал шашы амаль ушчыльную падступаў хвойны лес. Крыху воддаль, справа, крута спускаўся ўніз зарослы роў.
Я адышоўся трохі ад аўтобуса, туды, дзе на камель паваленай сухадрэвіны, падаслаўшы свой шэранькі швэдарчык, прысела наша спадарожніца. Хлопчык на ўскрайку лагчыны, сярод рэдкалесся, збіраў разам з дзедам свежыя, як іскрынкі неба, блакітныя пралескі.
– Не адстае ад дзядулі? – спытаў я.
– Унучак – сын нашага малодшага. Вось пакінулі на пару дзянькоў, – з добрай усмешкай павярнулася да мяне сваім адкрытым тварам жанчына. – А дзед яго – былы ваенны, маёр у адстаўцы. Гэтыя лясы і пералескі – нашы памяць і боль.
Падняўся з лагчыны стары.
– Іваныч, – адрэкамендаваўся ён. – Па сумяшчальніцтве – дзед.
Ён міжволі чуў гаворку жонкі з незнаёмым хлопцам, таму прамовіў:
– Так, тут шмат нашых сяброў палягло, – уздыхнуў Іваныч, і па яго твары прабег смутак успамінаў, вочы сумна заблішчэлі. – Усіх, за рэдкім выключэннем, маіх аднагодкаў не абышла бокам тая вайна.
– Вядома ж, – адказаў я.
Дзед прапанаваў цыгарэту, і я, хоць асабліва не курыў, узяў. Задымілі. Ад першай добрай зацяжкі я папярхнуўся ажно да слёз.
– А ведаеш, камандзір, – раптам ажывіўся стары, – гляджу я на свайго ўнучка і часта ўспамінаю адну франтавую гісторыю.
Размову перапыніла кароткая каманда “Па машынах!”
2
Селі побач. Пасля невялікай паўзы Іваныч пачаў аповед.
… Зрытая вайною лінія фронту. Ноч. Стомленыя да паўсмерці салдаты адпачывалі ў акопах у чаканні чарговай схваткі з фашыстамі.
Набеглы ветрык разагнаў смурод гарэлага жалеза, пораху і машыннага масла, сярод ночы зноў запахла зямлёй і ацалелымі ў агні травамі. Яркія ўсполахі ракет выхоплівалі на нейкае імгненне ўчасткі пярэдняга краю, а праз нейкія імгненні ўсё зноў акуналася ў цемру. Зрэдку страчылі, быццам тупацелі сотні ног, кулямёты. Пільна ўзіраліся ў цёмную і сырую ноч вартавыя. З траншэі цягнула дымком махоркі.
Прысеў ля пярэдняй сценкі шырокай траншэі на ахапцы сухой травы, якая так і не паспела адпіцца, увабраць вільгаць вячэрняй расы, і прыдрамаў палкавы разведчык Андрэй Галавенчык. Ахопленая начной прахалодай зямля была сырая і няўтульная.
Дзесьці ўдалечыні бліснуў ад глыбокай зацяжкі агеньчык самакруткі, а побач хтосьці расказаваў сябрам пра свае родныя мясціны.
Думка пра дом і сям’ю часта непакоіла і Андрэя, а найбольш трывожыла ўвесь вольны паміж баямі час. У адзіным лісце, які атрымаў ад жонкі ў самым пачатку вайны, паведамлялася, што яе брат Пятро і іх старэйшы сын Дзімка таксама на фронце. А вось дзе яны, што з імі, звестак няма.
Нечакана Андрэй уздрыгнуў. У паўсне да яго слыху данёсся нейкі неразборлівы гук. Андрэй яшчэ не зразумеў ў чым справа, аднак усёй сваёй істотай адчуў нешта падазронае, незвычайнае у гэтай амярцвелай начной цішыні. Прыслухаўся. Магчыма, здалося?.. Не. З пазіцый ворага чуўся дзіцячы плач. Надрыўны, жаласлівы. І столькі ў ім, тым плачы, было безвыходнай, недзіцячай нуды, адчаю і безабароннасці, быццам частка асабістай душы надрывалася там, у непрагляднай і жахлівай цемры.
– Вось вылюдкі!, – злосна вылаяўся салдат.
Галавенчык прыўстаў і павярнуўся, напружыў зрок. Непадалёк ён ледзь-ледзь адрозніў некалькіх байцоў. Прыціснуўшыся да бруствера, тыя таксама прыслухоўваліся да непрагляднай цемры. Здавалася, нішто не можа здзівіць гэтых людзей, якія прывыклі да грукату атак і якія не раз браліся за грудкі з самой смерцю. Але цяпер…
Танюткі галасок, які клікаў маці, лёгкімі парывамі ветру даносіўся з цёмнай імглы. Ён, той пісклява-плаксівы галасок, раздзіраў салдацкія душы.
– Спецыяльна прыдумалі гады, каб заманіць нас, – са слосцю ў голасе сказаў кулямётчык беларус Грамовіч.
Андрэй ведаў пра тое, што фашысты ладзяць падобныя “забавы”: выносяць на нейтральную паласу дынамік і заводзяць пласцінку з плачам дзяцей, енкам мацярок.
– Эх, садануць бы іх зараз з “кацюшы”, – злосна сказаў весяльчак, рускі Смірноў.
– Гдэ взят та “катюша”, рэбята? – адказаў на словы Смірнрва азербайджанец Асманлы.
Хвіліну-другую аглухлая цемра маўчала, а затым зноў яе ўскалыхнуў дзіцячы плач…
Незвычайная вестка, што немцы трымаюць дзіця і здзекуюцца з яго, хутка абляцела ўсе акопы. Прачыналіся стомленыя байцы. Адусюль ужо чуліся прыглушаныя галасы. У суправаджэнні ротнага з’явіўся камбат, невысокага росту, камлюкаваты капітан. Ціха, але ўладна загадаў: ”Спыніць размовы!”
Вострым слыхам Андрэй улавіў: камандзір аб чымсьці раіцца..
– Смірнова да мяне! – аддаў распараджэнне ротны.
З цемры выскачыў старшы сяржант Смірноў, камандзір першага ўзвода.
– Паслаць у разведку! Двух на прыкрыццё! Улічвайце, можна нарвацца на засаду. Знайдзіце байцоў пакемлівей. Пытанні ёсць?
– Ніяк не!
– Дзейнічайце!
Камбат гаварыў кароткімі фразамі, цвёрда і ўпэўнена.
– Узмацніце назіранне! – ён павярнуўся ўжо да камандзіра роты. Выконвайце!
– Ёсць!
– Галавенчык, да мяне!
3
Ён поўз па зрытай вайною роднай зямлі, раз-пораз заміраючы, калі змяінае шыпенне ракет, хай і на імгненне, асвятляла прастору сполахам лімоннага колеру. У гэтыя секунды да звону ў вушах услухоўваўся салдат у застылую цемень, стараючыся не збіцца са шляху. На нейкі час дзіцячы галасок прападаў, то зноу захл пауся ад болю. Андрэй удыхаў ліпкае паветра і па-пластунску, а дзе і кароткімі перабежкамі, прыгнуўшыся як мага ніжэй да зямлі, рухаўся ў вызначаным накірунку. Калі разрываўся чарговы снарад, у галаву лезлі розныя думкі: для чаго было патрэбна жыць, калі ў адно імгненне яго, жыццё, можна страціць? Раз – і няма цябе. А табе ж толькі жыць, Андрэй, ты ж такі маладзенькі! Усяго толькі васямнаццаць вёснаў і пражыў. А ці было яно, тое жыццё, дастойным? Няхай напоўненае дробязнымі праблемамі і цяжкімі ўспамінамі, штодзённай стомай сялянскай працы, але і радасцю першага кахання. Так, было. Дык чаго яшчэ лепшага, – разважаў салдат. Толькі чаму ж раней пра гэта не задумваўся? І чаму зараз так цяжка знайсці тое, дзеля чаго трэба перасіліць страх, сумніў у сабе і даць магчымасць іншым таксама жыць вольна. А як жа сваё жыццё? Няўжо ўсё, канец? А так яшчэ хочацца жыць, працаваць да наліцця маладых мускулаў, да знямогі, кахаць, гадаваць сваіх дзяцей…
Бездапаможна і адчайна спрабуючы спыніць час, вярнуцца ў сваіх думках да былых пачуццяў, розум апантана сачыў за абстаноўкай на полі бою.
Снарады і бомбы раскрамсалі, перааралі ўздоўж і ўпоперак зямлю, распісалі яе барознамі і варонкамі. Ад моцнага напружання нылі спіна і шыя, вельмі хацелася піць.
Калі разведчык адчуў, што набліжаецца да фашысцкіх дынамікаў, вырашыў праявіць салдацкую кемлівасць, не рызыкаваць. Дзіцячы плач шчымліва аддаваўся ў яго вушах, зліваўся са стукам сэрца і з падвоенай сілай біў ў скроні. Здаецца, Андрэй гатовы быў не стрымацца, выскачыць з укрыцця, нібы рухаючага на поўнай хадзе цягніка, і ў адно імгненне знішчыць тых вылюдкаў. Але, трэба стрымліваць сябе, салдат, – загадвае сабе Галавенчык. Ну, мог бы, канешне, скаціцца ў яр і знікнуць, але як жа таварышы, як твая каханая Алена, родныя, тваё слова, што даваў служыць так, каб не сорамна было перад народам, перад самім сабою? А што бацькам скажуць? Нямоглы бацька ў зямлянцы чакае сына з перамогаю, каб дом будаваць, бо той, у якім Андрэй нарадзіўся, немцы спалілі. А ты што такое ўдумаў? Скажуць, ваш сын змаладушнічаў, здрадзіў, як той вясковец, што ў старасты падаўся і выцікоўваў, даносіў паліцаям на сваіх жа суседзяў… Фу, поскудзь! Хочаш ганьбы і ты на ўвесь род? Выкінь лепш гэтую думку, выкінь, каб і следу не засталося. Ты прымаў прысягу на вернасць народу і краіне – выконвай яе сумленна. Лепш хутчэй думай, як выканаць заданне, а не пра сябе. Бач, спужаўся ён фашыстаў. А ты не чуў, як палітрук даводзіў пра лютасць нацыстаў, прычым не толькі мужчын. У сваіх зверствах немкі, якія, здавалася б, па загадзе Гітлера, абмяжоўваліся звычайна трыма асноўнымі заняткамі – Kinder? Kuche?Kirche(1), аднак у палітыцы чысціні расы ігралі далёка не апошнюю ролю і атрымоўвалі выгаду ад блізкасці да ўлады. Многія жанчыны трэцяга рэйха пакінулі моцны пол далёка ззаду і здзяйснялі злачынствы супраць чалавецтва неверагодныя, на якія, здавалася, прыгожы пол проста не здатны: у Бухенвальдзе і Майданэку наўмысна жанчыны назіральніцы і каменданты марылі голадам сваіх сабак, а потым нацкоўвалі іх на зняволенных, іншыя адбіралі ў мацярок малых дзетак і нават немаўлят і кідалі ў газавыя камеры. Няхай большасць сярод вылюдкаў было жонак афіцэраў СС, але і шматлікія медсёстры, у фартухах як1х заўжды былі напоўненыя шпрыцы з ядам для знішчэння не толькі ваеннапалонных, але і дзяцей. А як спакойна ўспрымаць, калі немка выкідвае з акна шпіталя малых дзетак ці замест цукеркі сунее ў роцік таго дзіцяці зараджаны пісталет… І ты яшчэ пра нешта тут раздумваеш. Табе адказнае заданне даверылі, чуеш, табе аднаму даверылі, а ты, Галавенчык, нюні распусціў, выгоду шукаеш. Збегчы, схавацца за спіны сяброў, каб потым ваксаваць боты таму нацысцкаму вылюдку, альбо хадзіць за ім у прыбіральню з паперкаю. Ды твой род да сёмага калена землякі праклянуць. Хутчэй, думай і ты застанешся чалавекам. Не вагайся, ты зможаш, – стараўся пераканаць сябе Галавенчык, – як і твой бацька, які прайшоў нялёгкія выпрабаванні Першай сусветнай. Ці ты забыў пра яго аповеды пра Нарачанскую аперацыю?..”
На хвіліну-другую сцішыўся, агледзеўся, быццам і не было тых дзікунскіх думак, імгненна сабраўся дзейнічаць больш рашуча. Узяў на некалькі метраў улева, адпоўз, як сам прыкінуў, больш за сто метраў.
Цяпер голас павінен быць дзесьці паперадзе і зусім побач. Ён зноў прыслухаўся. Цішком ён цягнуў пад сябе сантыметры зямлі, поўз па-пластунску. Калі ў неба ўзнімаліся ракеты, ледзянела на душы, яшчэ больш шчыльна ўціскаўся ў зямлю і паспяваў на нейкія долі секунды ўбачыць, што роб цца вакол яго.
У адно з такіх імгненняў, калі плач дзіцяці, здавалася, чуўся зусім побач, Андрэй заўважыў метраў за дзвесце ад сябе невялікі пагорак: хутчэй за ўсё гэта і ёсць варожы дот. Значыць, паблізу павінен быць вартавы. Так, вунь ён маячыць.
Спіна ворага ўсё бліжэй. Сэрца стукае так моцна, што, здаецца, фашыст вось-вось азірнецца на гэты стук. Да болю ў пальцах сціскаў салдат рукаятку трафейнага нажа.
Калі чарговая ракета, заканчваючы свой шлях да зямлі, мільганула ліловым бляскам, Андрэй прыўзняўся і кунуўся на гітлераўца. Імгненне – і ўсё было скончана. Ціха застагнаўшы, гітлеравец хутка абмяк пад лоўкім разведчыкам. Перавёўшы дыханне, Андрэй ажно здрыгануўся ад гучнага нечаканага дзіцячага плачу, як зноў ускалыхнуў цішыню. Галенчык зняў з дзяружкавага рэменя адну гранату, выдзернуў з яе чэку і ўпэнена пайшоў на дот.
Андрэй рэзка рвануў на сябе дзверы і апынуўся ў паўцёмным закутку дота. Чатыры фашысты атарапела пазіралі на яго застылымі ад жаху вачыма. На земляной падлозе ў куточку перад невялікай чорнай скрынкай – мікрафонам, які быў усталяваны на перавернутай уверх дном скрынцы, сядзеў хлопчык гадоў пяці, не болей, у разарванай кашулі з тонкім шнурком на шыйцы, канец якога быў сціснуты ў руцэ аднаго з фашыстаў…
Усё, што адбывалася далей, Андрэй бачыў, як скрозь мутны туман. Памятаў толькі, як сам крычаў па-нямецку : “Хэндэ хох!(2). Гэта вам, гады, русішэ кюхэ!(3) Вось вам і шнапс(4), і шпанфэркэль(5) і айэр!(6). Гуттэн апетыт!(7)., як дрыжаў у руках аўтамат. Затым ён адчуў цяпло дзіцячага цельца на сваіх грудзях.
Ён вырваўся з прапахлага дымам доту і тут жа, для ўпэўненасці, кінуў гранату. Выбуху ён ужо не чуў.
Здавалася, у душы Андрэя зараз гучала музыка, няхай і нервова, жорстка, зрываючы гукі з раяля, і ўсе эмоцыі і адчуванні адлюстроўваліся на яго худым, успацелым і перапэцканым мокрай зямлёю і парахавым дымам твары. А мелодыя трыумфавала: апантана спяшалася на волю, прымушала прачынацца радасць, быццам сціхала і з новай сілаю гучала.
Гітлераўцы не прымусілі сябе доўга чакаць. Неба асвяцілася шматлікімі ўспышкамі ракет, пасля выбуху гранаты застракаталі кулямёты.
Ён бег, падаў, уставаў. Зноў бег, пятляючы, каб не патрапіць пад шалёную кулю. Часам ён кудысьці каціўся з горкі, прыціскаючы да грудзей і супакойваючы дзіця, затым падымаўся і бег зноў. Толькі б паспець!
Аднекуль збоку азваліся нашы кулямёты. Апрытомнеў салдат толькі тады, кал яго перавязвалі чуллівыя рукі маладзенькай медсястры Юлькі. А ў яго вушах упарта гучала мелодыя, заглушала страляніну, настойліва выціскала яе, асуджала на гібель і, атрымаўшы перамогу ў гэтай няроўнай барацьбе, самаздаволена прадаўжала гучаць.
Хлопчыка звалі Андрэем, як і яго выратавальніка. Болей, на жаль, паведаміць пра сябе ён нічога не мог. Худзенькі, з вялікімі вачыма, тварык увесь у сіняках, ручкі ў драпінах, след ад шнурка на шыі.
Раніцай ён сядзеў у зямлянцы, захінуты ў цёплы салдацкі ватнік. Салдаты накармілі яго гарачым булёнам, ячневай кашай, і цяпер малеча з цікавасцю разлядваў рознакаляровы губны гармонік.
Праз дзень ужо сяржант Галавеньчык разам са сваім цёзкам Андрэйкам стаяў перад камандзірам палка. Вырашаўся лёс хлопчыка. А малы ў вялікіх, не па памеры, на скорую руку скроеных для яго гімнасцёрцы і штанах, абуты ў буркі, якія пашыў рукасты старшына, даверліва праціскаўся да свайго выратавальніка. На грудзях у хлопчыка блішчэла зорачка з вышчарбленым ражком – падарунак Андрэя Галавенчыка. Салдат атрымаў загад асабіста даставіць яго ў дзіцячы дом..
4
Стары нечакана замоўк, падкруціў стрэлкі наручнага гадзінніка, павярнуўся ў роздуме да акна. З аўтобуснага радыёпрыёмніка, як быццам спецыяльна да яго аповеда, пачулася мелодыя:
… С войной покончили мы счёты,
Бери шинель, пошли домой…
Паўзверх карычнева-барвовай радзімкі на шчацэ дзеда захадзіў жаўлак.
Армейскі аўтобус імчаўся па шашы, але ў вокны ніхто не глядзеў.
– Ну, а далей? Што з хлопчыкам? – наперабой сталі пытацца ўсе, хто чуў дзеда.
– Ды вось уласна і ўсё. Адвёз ён таго хлопчыка ў дзіцячы дом, а выхавальніцы, якая яго прымала, сказаў: “Вярнуся жывым – забяру… Сын гэта мой. Галавенчык Андрэй-малодшы, так і запішы, прыгажуня. З яго будзе сапраўдны мужык! А я пакуль – на фронт.
– Вярнуўся?
– Не, не вярнуўся. Як не вярнуляся і маці. Гэта для мяне такі боль, такая рана…
Памаўчаў. Затым апусціў левую руку ва ўнутраную кішэню бушлата і працягнуў яе мне, расціснуўшы кулак.
На шырокай мазолістай далоні старога непагаснай часцінкай Вечнага агню запалымнела салдацкая зорачка, эмаль на якой патрэскалася.
А пад блакітным вясновым небам маўчала наваколле, усё нібыта сцішылася, як у хвіліну памяці аб тых, хто жыццём сваім адстаяў сённяшні дзень. Сцішылася, каб у чарговае імгненне на поўную моц загучаць непераможнай мелодыяй жыцця сінявокай і вольнай Беларусі.
1 Дзеці, кухня, царква (ням.)
2 Рукі ўверх (ням.)
3 Руская кухня (ням.)
4 Водка (ням.)
5 Парасяці (ням.)
6 Яйка (ням.)
7 Смачна есці (ням.)