А.Карлюкевіч. Падарожжа ў Паплавы: пісьменнік-натураліст Рыгор Ігнаценка

На Міншчыне, у Бярэзінским раёне, жыве пісьменнік-прыродазнаўца Рыгор Канстанцінавіч Ігнаценка. Першая яго кніга, адрасаваная дзецям, пабачыла свет у 1964 годзе і называлася яна – “Лясныя тынкоўшчыкі”.

Рыгор Ігнаценка… Мне і раней шмат гаварыла гэта прозвішча. Знаёмае са старонак “Вясёлкі”, “Піянера Беларусі” ( цяперашняя “Раніца”)… Ды што там – з “Вясёлкі”… З “Буквара”, які, здаецца,  яшчэ нядаўна гартаў разам з дачкою-першакласніцай, знаёмае… Яго, Рыгора Ігнаценкі, кароткія апавяданні пра звяроў і птушак, лірычныя “фатаграфічныя” абразкі, прынесеныя з лесу, прырэчнага лугу, і мяне хвалявалі бы тое дзіця.

Даўно ведаючы, што любімы мной пісьменнік-натураліст жыве ў бярэзінскіх Паплавах, даўно хацеў і сустрэцца з ім. І неяк усё ж выправіўся. У дарозе, скінуўшы за Чэрвенем мінскую стому, узгадваю назвы кніг Рыгора Ігнаценкі: “Лясныя тынкоўшчыкі”, “Урок у лесе”, “Ластаўчына затока”, “Рабчыкі спяваюць”, “На заечых сцежках”, “Дзе матылькі зімуюць”, “Бярозавы шэпт”, “Карабель вясны”, “У зімовым садку”… Прыгожыя цёплыя назвы!..

У Паплавах і пытаюся ў Рыгора Канстанцінавіча:

 – Чаму, па якой прычыне настаўнік музыкі зрабіў менавіта такі  літаратурны выбар – пісаць для дзяцей выключна аб прыродзе?

Ігнаценка пытанне падхоплівае, толькі папярэджвае, што хуткага адказу мне не атрымаць.

 – Усяму прычынай дзіцячы дом, — гаворыць далей пісьменнік.

Так, яшчэ ў 1937 годзе 7-гадовы сірата Рыгорка патрапіў у дзіцячы дом. Дзядзька туды прывёз хлопчыка. Пакуль афармляліся паперы, Рыгорка паспеў на ганку новага свайго дома зрабіць нямала адкрыццяў. Дзетдом месціўся на ўскрайку паселішча. Лічы, што ў саменькім лесе. Дубы суседнічалі з хвоямі. А сосны саступалі месца бярозам. А на двары разбіта была клумба з кветкамі. Дзе такое бачыла дзіця ў вясковым тлуме? Там, здаралася, гной на вулцу выкідвалі, каб зэканоміць соткі агародныя.

Пэўна ж, сама атмасфера спрыяла ў гэтым дзетдоме росту прыгожай, эстэтычна багатай душы дзіцяці.  Працавалі адно маладыя выкладчыкі і выхавацелі. Толькі дырэктар і быў жанаты, ды мо яшчэ хто  адзін з выкладчыкаў. Маладыя “макаранкі”  цалкам аддавалі сябе працы з дзецьмі. У пакойчыках пры калектыве сваіх падапечных жылі. Ладзілі незвычайныя гульні. Не проста “будзёнаўцы”  з “белымі” ваявалі, а гульня ў вайну спектаклем для ўсіх станавілася. Вольнага нікога не заставалася. Разбіўшыся напалову, дзятва сапраўды вучэнні і баі праводзіла. Са зброяй, самімі змайстраванай. З пераходамі і блуканнямі па лесе.

Паміж сабою таксама дзеці ладзілі, дружылі, грубасці не дапускаючы, ды і не ведаючы тае грубасці. А яшчэ  – раніца,  вечар,  ноч, калі сон, здавалася, перабіваўся, – усё жыццё складвалася, ішло з птушыным спевам, з пошумам дрэў. Любое надвор’е спрыяла таму, каб душа прымала прыроду. Каб сэрца было для ўсяго навакольнага  жыцця адкрытым. Выбраўшы сярод ншых найбліжэйшага сябра – Пятра Рабцава, Рыгорка разам з ім бегаў у лес. Абследаваў птушыныя гнёзды. Гадаваў шпачанят,  варанят, падваронкаў. Нават клеткі для мышэй рабіў, радуючы астатніх свам абыходжаннем са звяркамі, ды радуючы самімі звяркамі.

Вось гэтая атмасфера – атмасфера прыгажосц, блізкасці з прыродай і зрабіла яго, лічыць Рыгор Канстанцінавіч, пісьменнікам.

…Ад маленства да перыяду сталай, сур’ёзнай літаратурнай працы прайшоў час. Была яшчэ вайна, эвакуацыя ў Сярэднюю Азію, была служба ў войску. Пасля – навучанне музыцы. У Паплавы музычным краўніком дзетдома Рыгор Ігнаценка прыехаў у 1956 годзе… Тут да маладога чалавека прыйшла новая музыка – музыка захаплення лесам, музыка пошуму дрэў. У любое надвор’е, у сонечныя і пахмурныя дні, спяшаўся  музыкант адкрыць новыя лясныя сцежкі.

І яшчэ адна крынічка жывіла, энергетычна насычала маладога літаратара – кнігі пра прыроду, пра лясныя прасторы самых розных старонак, самых розных краін.  Магнетызм захаплення лісточкам, травінкай  уражвалі ў прозе Міхаіла Прышвіна. Колеры вады, сонца , паднябесся здзіўлялі ў “Залатой ружы”  і іншых творах  Канстанціна Паустоўскага. Уражвалі , станавліся адкрыццём гранічна-шчырыя старонкі, што асэнсоўвал сустрэчы з прыродай Івана Сокалава-Мікітава, Мікалая Сладкова, Віталія  Біянкі, Уладзіміра Салаухіна, Кандрація Урманава, Івана Палуянава, Барыса Жыткова, Льва Грэхава… Часам хацелася паўтарыць следам за Паустоўскім: “Я перабіраю ў памяці мясціны, якія бачыў,  пераконваюся, што бачыў мала. Але гэта не так ужо  страшна, калі ўспомніць убачаныя месцы не па іх колькасці, а па іх уласцівасцях, па іх якасці. Можна, нават седзячы ўсё жыццё ў адным куточку, убачыць незвычайнага многа. Усё залежыць ад дапытлівасці і ад вастрыні вока. Усім жа вядома, што ў самай дробнай кроплі адбіваецца калейдаскоп святла і красак – ажно да мноства адценняў зусім рознага зялёнага колеру ў лісці бузіны ці ў лістве бэзу, ліпы альбо вольхі. Дарэчы, лсты альхі падобныя да дзіцячай  далоні – з іх мяккай прыпухласцю паміж тоненькіх атожылкаў…”

Ды следам прыходзіла  перакананне, што роўня  (ніяк не меней!) свету неадкрытаму і ёсць Паплавы, знаёмыя бярэзнскія ваколіцы.  Неба тут шматколернае, і вада ў Бярэзіне фарбамі люструе, адбівае…У бясконцасці родных лясных гушчароў і самі па сабе знаходзіліся сюжэты, здавалася, самі пісаліся і многія апавяданні. Сам па сабе складаўся празаічны, з месяцаў-апавяданняў адмысловы каляндар прыроды. Тысячныя ( дакладней – шматтысячныя) тыражы кніг Рыгора Ігнаценкі зрабілі дзцячага пісьменніка-натураліста вядомым на ўсю Беларусь. Шкада, што сёння проза “беларускага Біянкі” – па-за ўвагай айчынных выдавецтваў. Чаму б не перавыдаць каторую з ранейшых кніг Рыгора Ігнаценкі..? Альбо – не выдаць збор лепшых  прыродазнаўчых мініяцюр, сабраных з розных кніг у адзін прыгожа ілюстраваны томік?.. Паверце, нашы дзеці, унукі чыталі б гэтакую кнігу з вялікім захапленнем. У прозе Рыгора Ігнаценкі – праўдзівы і зразумелы аповед пра навакольныя прасторы, пра багацці жывёльнага і расліннага свету.

Алесь Карлюкевіч

«Созвучие»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.