А. Карлюкевіч. Крыніца паноў Ельскіх

Наталіцца з крыніцы

Якіх толькі выданняў няма на паліцах кнігарань: і з разнастайнымі мультымедыйнымі дадаткамі, і з наклейкамі-ўкладышамі, і з аб’ёмнымі выявамі… Дзяцінства папярэдніх пакаленняў суправаджалі іншыя кнігі, дзе невялікія акварэльныя малюнкі былі толькі падказкай для фантазіі чытача, перад кожнай часткай размяшчаўся маленькі анонс, які дапамагаў прыгадаць яе змест, а ў тэкстах была мудрасць спазнання свету.

Менавіта такой стала кніга Алеся Карлюкевіча “Крыніца паноў Ельскіх” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2014). Разам з Максімам Мінскім чытач адпраўляецца ў цікавае, пазнавальнае і насычанае новымі знаёмствамі падарожжа. Прычым падарожжа гэтае адбываецца ў роднай Беларусі і не патрабуе доўгіх пераездаў і кліматычных зменаў: гэта магчымасць глыбей даведацца пра дзейнасць шляхецкага роду Ельскіх, дакрануцца да сучасных тэхналогій праз найноўшыя пошукавыя сістэмы, прайсці хаця б віртуальна па шляхах паштовай маркі. Вельмі радуе, што аўтар-краязнаўца ўжо з маленькага ўзросту выхоўвае ў свайго чытача жаданне вывучаць Бацькаўшчыну.

Гістарычныя рэаліі і дзень сённяшні ўдала спалучаюцца на старонках кнігі, дазваляючы і бацькам, якія чытаюць яе дзецям, успомніць уласнае маленства, расказаць пра свае захапленні і падказаць, чым замянялі камп’ютар, калі бавілі вольны час, нашы папярэднікі.

Дэтэктыўны стрыжань казкі прымушае не выпускаць выданне з рук, незаўважна для сябе ўсведамляючы гістарычныя і культуралагічныя факты, а дыялогі герояў насычаюць маўленне чытача беларускімі прыказкамі, прымаўкамі і яшчэ зусім нядаўна не знаёмымі для дзіцяці словамі, значэнне якіх падказвае дзед Усявед. Тут ужо і дарослым варта задумацца, ці лёгка яны б маглі расказаць, што такое “кломля”, ці ведаюць значэнне слова “феналогія” і ці назавуць даўжыню найвялікшых рэк свету.

Але гэта ўсё ж казка, таму побач з Аляксандрам Ельскім і Уладзімірам Стальмашонкам на старонках выдання жывуць Лекавік і Рыбнік, побач са звычайнай газетай – суперкамп’ютар, побач з пытаннем пра наступствы ад асушэння ракі – пытанне аб знаходжанні знікшага спартсмена.

Гэта кніга для розных чытачоў: тых, хто шукае забавы, і тых, хто хоча вучыцца, для патрабавальных людзей і наіўных, для дзяцей і дарослых. Але пасля гэтага выдання застаецца адчуванне цеплыні і павагі да слова, якіх у сучаснай дзіцячай літаратуры часам так не хапае, – і гэтым яно адметнае.

Бажэна Мацюк

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.