А. Карлюкевіч. Дарогі блізкія, далёкія

Нядаўняя паездка ў Кітай, наведванне гарадоў Пекін, Ланьюнган і Сюйчжоу склалі некаторыя ўражанні пра вялікую і багатую краіну, пра яе культурныя зносіны з іншым светам. Ці не згубілася ў гэтых стасунках Беларусь? Ці да вядомых гістарычных фактаў зносін у галіне мастацтва і культуры сёння што-небудзь дадаецца? Які ж прагноз: ці будзе нешта дадавацца заўтра? І ўвогуле — наколькі цікавая Беларусь, беларусы кітайскаму свету?

Сам візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіня ў значнай ступені дае адказ на гэтае пытанне. Так, цікавая Беларусь Кітаю, цікавая з розных пунктаў гледжання. І з арганізацыі Эканамічнага пояса Вялікага Шаўковага шляху — таксама. Будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень» — таксама ў пэўным сэнсе адказ на гэтае пытанне.

А што ж да культуры… І да культуры таксама ёсць цікавасць. Іначай не былі б наладжаны Дні культуры Беларусі ў КНР. Завяршыліся яны літаральна ў пярэда-
дзень візіту Сі Цзіньпіна ў нашу краіну.

Мне давялося сустракацца з кіраўніцтвам цэнтра культуры Беларусі, які працуе ў 2-м Пекінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце — спадарынямі Чжан Хуэйцінь і Ляа Мяа. Дарэчы, у Кітаі два такія цэнтры. Другі — у адной з ВНУ ў Шанхаі. І калі кіраўнікі «беларускіх цэнтраў» вялі гаворку больш пра мяркуемае адбыцца ўваходжанне ў беларускую праблематыку, пра планы, задумкі, то сустрэча з пера-
кладчыкам і мастаком-каліграфам Гаа Манам прынесла велізарнае задавальненне ад усведамлення, што ў прасоўванні беларускай культуры ў Кітай зроблена шмат. У прыватнасці, сам Гаа Ман, які доўгі час рэдагаваў часопіс «Сусветная літаратура», пераклаў на кітайскую мову зборнік вершаў Максіма Танка (сумесна з Гэ Баацюанем) і кнігу дакументальнай прозы Святланы Алексіевіч. А яшчэ напісаў цэлы шэраг артыкулаў пра беларускую літаратуру і беларускае мастацтва. Яшчэ больш уразіла размова з генеральным дырэктарам Кітайскага таварыства па калектыўным кіраванні аўтарскімі правамі на літаратурныя творы Чжан Хунба. Ён папрасіў называць яго Алегам.

— Я ўжо адкрыў для сябе Беларусь у час XXII Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу ў лютым гэтага года. Дарэчы, прывёз з Мінска велізарны партфель кніг. Партфель — гэта вобразна. На самай справе —
скрыню. Сярод іх і раманы старшыні вашага пісьменніцкага Саюза Мікалая Чаргінца, — заўважыў кітайскі Алег, — і цяпер буду мэтанакіравана развіваць увагу да беларускага кніжнага рынку. У нас ёсць што прапаноўваць да выдання. Ёсць сучасныя пісьменнікі, чые творы выдаюцца ў дзясятках краін. Агульны тыраж — мільёны экзэмпляраў. Але ж і беларускія аўтары нам цікавыя. Мы ведаем па ранейшых кнігах пісьменнікаў з Беларусі, выдадзеных на кітайскай мове, што для вас заўсёды была актуальнай тэма Вялікай Айчыннай вайны, тэма барацьбы савецкага і беларускага народа з нямецкімі фашыстамі. А зараз? Ці піша пра гэта моладзь?

Мы доўга гаварылі з Алегам — спадаром Чжан Хунба пра сучасную беларускую літаратуру, пра прадаўжальнікаў традыцый вядомых у Кітаі Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Святланы Алексіевіч… Кітайскага арганізатара выдавецкага працэсу хвалявалі і тэмы, і жанры. Ён цікавіўся, ці можам мы што прапана-
ваць кітайскаму тэатру.

Гісторыя сучасных беларуска-кітайскіх літаратурных зносін была б няпоўнай без асвятлення дзейнасці, навуковых вышукаў прафесара Пекінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта спадарыні Ся Чжунсянь. На сустрэчу яна прыйшла са сваёй аспіранткай Ду Цзяа, якая піша дысертацыю па творчасці Івана Буніна, і дзеля таго, каб быць праніклівай у сваіх высновах, з’ездзіла нават на радзіму лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў Расію. А як жа з зацікаўленнямі беларускай мастацкай літаратурай?.. І хаця часопіс, галоўны рэдактар якога Ся Чжунсянь, і называецца «Руская літаратура і мастацтва», ва ўніверсітэце і на старонках выдання на-
даецца ўвага і беларускай літаратуры, беларускай культуры. Не так даўно ў гэтым выданні быў надрукаваны артыкул пра творчасць Максіма Багдановіча. Змешчаны былі ў часопісе і ілюстрацыі Георгія Паплаўскага да аднаго з твораў Васіля Быкава. З зусім нядаўніх публікацый — рэцэнзія на кнігу «Кітай вачыма беларусаў», якая выйшла ў выдавецкім цэнтры БелТА ў Мінску.

— Нам цікавая беларуская літаратура як адна з частак агульнай постсавецкай прасторы, — гаворыць спадарыня Ся Чжунсянь. — Мы ў свой час шмат увагі надавалі савецкай літаратуры. І зараз наш чытач ваш свет памятае і нават спрабуе патлумачыць яго праз прызму твораў і вобразаў, створаных мастакамі слова ранейшых дзесяцігоддзяў. Як з’явай уяўляецца руская літаратура XIX стагоддзя (Пушкін, Лермантаў, Талстой, Дастаеўскі, Тургенеў, Чэхаў), так шматаблічнай з’явай бачыцца нам і савецкая літаратура. Агульную карціну вашага жыцця мы ўяўляем па кнігах Міхаіла Шолахава, Барыса Васільева, Ганны Ахматавай, Юрыя Бондарава…

Кітай багаты і бязмежны не толькі сваёй эканомікай, тэрыторыяй, але і культурай. Мець зносіны з ёю, спрабаваць унікнуць да творчых здабыткаў кітайскіх пісьменнікаў — цікавая дарога. Паспрабаваць прайсці па ёй — захапленне з захапленняў… Трэба было бачыць бляск у вачах таго ж спадара Чжаа Хунба, калі ён расказваў пра раман Лу Яа «Звычайны свет». Альбо — пра вершы Ван Гочжэня. Я нават праслухаў адзін з яго вершаў — «Любоў да жыцця» — на кітайскай мове. І пасля пачуў пераказ на рускую мову, у якім мяне ўразіў і такі вось радок: «Няма гары, якая вышэй за чалавека. Няма дарогі, якая даўжэй за ступню чалавека». Што ж, будзем чакаць, што масты літаратурнага пабрацімства Беларусі і Кітая яшчэ болей утрываляцца. І рупліўцы ў гэтай справе і з кітайскага, і з беларускага боку ёсць. Значыць, і плён, новыя здабыткі не прымусяць сябе чакаць.