А. Быкаў. Вершы

Восеньская рапсодыя

Зляціць лісток апошні непрыкметна,

І – цішыня, балючая на слых.

А восень зноў наабяцае лета,

Пасля завей і лютаўскіх адліг.

І рук тваіх забытая пяшчота

Растопіць раптам стылыя снягі.

І чуйным сэрцам злоўленая нота

Мне зноўку верне вобраз дарагі.

Не здольны мы прадбачыць анічога.

Ды сонечны народзіцца прамень,

І намалюе, як аловак Бога,

Блакітнавокі непаўторны дзень.

За дальняю, нябачнаю мяжою

Схавана што – ні зведаць, ні пачуць,

Апошні ліст – анёлам над душою,

Пакуль сады ізноў не зацвітуць.

Жнівень

 Спявала лецейка наўсцяж

Пад небам жніўня –

Як паратунак, як міраж,

Як подых ліўня.

Як напамін, як успамін,

Як ода Спасу…

О, як не хочацца самім

Здавацца часу.

Там, пад вясёлкавай дугой,

Акраец лесу.

Душы схаваўся неспакой

За ціхім плёсам.

Там нарачанскай я сасне

Шапчу пра нешта.

Час, не мяняецца ён, не.

А мы – дарэшты.

Ці дажывеш, ці дапяеш,

Сусвету роўна.

Грыбоў – хоць ты касою рэж,

Ды кошык поўны…

*   *   *

Не трэба мне ані

Хвалебнасці штодня,

Бо сёння – на кані,

А заўтра мо – з каня.

Хачу я прастаты

І шчырасці святой.

І каб кахала ты

Пад жлўты лістабой.

Каб асвячала дом

Слязінка на шчацэ,

Калі я са шчытом,

Калі я на шчыце…

Галінка бэзу

Няхай імпэту нестае,

Не той гарэза, –

Табе пакіну на стале

Галінку бэзу.

З нябёсаў майскіх праз гады

Святло прал’ецца.

У белай квецені сады –

Бяруць за сэрца.

Шлях ад нязгаданых сустрэч

Да вуснаў спелых –

Які ён доўгі насамрэч,

Які нясмелы…

Калі душу ізноў кране

Гук паланэза,

Прымі, як колісь, ад мяне

Галінку бэзу.

Матылёк

Сонца восеньскае праз шкло

Сагравае сівыя скроні,

Матылёк на маёй далоні

Хоча ўзяцца зноў на крыло.

Бы змяніць ён жадае лёс.

За акном надыходзіць вечар,

І, нібыта ўспамін аб вечным,

Ціха кроны гараць бяроз.

Дзве з’явы

 Дзве з’явы ў жыцці

Заўсёды мне сэрца натхнялі,

І цяжка сказаць,

Што патрэбна паэту найперш:

Ці неба начное,

Дзе зоркі зіхцяць, як каралі,

Ці позірк жанчыны,

Што просіцца сцішана

Ў верш.

Нарач

 Над высокім чаротам

Поўня тайнамі поўніцца.

Памаўчым мы, і потым

Мара даўняя ўспомніцца.

Што змалолася ў тло

За далёкімі далямі.

Вечных зорак святло

Разальецца над хвалямі.

У начной цішыні

Дрэмле Нарач насуплена.Не вярнуць нам, ані,

Светлай мары, што згублена.

І не зведаць, адкуль

Тая сцежачка зорная.

Нейдзе плёсне акунь

Па-над хваляй азёрнаю…