А. Брава. Калейдаскоп мнемазіны

Калейдаскоп мнемазіны

Урывак з аповесці «Дараванне»

“Старажытнагрэчаскае слова “алетэйя” (ісціна) літаральна азначае “адсутнасць забыцця”. Страціўшы памяць, непазбежна губляеш ісціну, — да такой высновы прыходзіць гераіня аповесці Алены Брава “Дараванне” Ларыса Вашкевіч, вымушаная даглядаць Ганса Крауза — цяжкахворага бацьку свайго мужа. Аднойчы Ларыса даведваецца пра тое, што Ганс служыў у войсках вермахта. Рашэнне жанчыны адназначнае: пакінуць дом былога нямецкага салдата. Аднак ні муж, ні суайчынніца-эмігрантка, ні нават уласная дачка не разумеюць яе…

…“Цішэй! Ступай асцярожна!” — Ганс хапае яе за руку, ледзь не выкручваючы запясце. — Каб не нарвацца на міны! Бачыш сляды?” — “Ганс, адпусці руку! Мне балюча!” — “Глядзі ж! — ён цягне яе да акна (жалюзі з боку вуліцы спушчаны, у шкле — яго і яе адбіткі: стары ў піжаме з ускалмачаным рэдкім пухам на цемі ды хударлявая дзяўчына з доўгімі светла-русымі валасамі, начное акно скрадвае ўзрост — яе, але не яго). — Яны там, там! О, ды ў іх кулямёт! Падай на зямлю! Шнэле! Зараз пачнуць страляць!” — “Ганс, спыніся!!!” — “Фельдфебель загадаў мне капаць акоп… Ведаеш, як было цяжка? У зямлі тут адны карані! Але я справіўся!” Ды ўжо ж, справіўся: праход да акна надзейна забарыкадаваны крэсламі з гасцёўні, двума матрацамі — усё перакулена і ссунута на сярэдзіну пакоя. Ральф напаўголаса лаецца: усё гэта яму надакучыла. Праз паўгадзіны зноў грукат, ляпанне дзвярэй; на гэты раз Ральф нават не выходзіць са спальні. Яна знаходзіць хворага ў ложку: ён “схаваўся” — нацягнуў на галаву прасціну. Ягоны твар, у размытых плямах старэчай пігментацыі, як размазаныя па талерцы грэцкія крупы, ажно ззяе ад усведамлення добра зробленай справы; ён жадае, каб яго пахвалілі, пагладзілі па рэдкім пуху на цемі, які зараз стаіць дуба. “Хутка пачнецца бамбёжка! — запрашае ён яе падзяліць радасць. — Але я выкапаў надзейнае ўкрыцце! Русішэ штука нас не дастане!” На ложак навалена адзенне, зверху грувасціцца каток для прасавання пасцельнай бялізны, які з часоў Эльзы ржавее ў кладоўцы (а ён цяжэнны!), дровы… “Ганс, якое ўкрыцце?! Вайна даўно скончылася!” — “Га? Скончылася?”

Толькі тады Ральфа па-сапраўднаму і зачапіла: будуючы ўначы свае “ўкрыцці”, Ганс усюды запальваў святло — а за электрычнасць трэба плаціць! Яшчэ б, Ральф нават калядныя паштоўкі купляе летам, калі яны каштуюць усяго еўра, а не чатыры, як у снежні. “Трэба падлічыць страты! Баюся, у рэшце рэшт танней будзе здаць яго ў дом састарэлых!” Менавіта — здаць. Гэта было якраз тое, пра што Ларыса цяпер марыла. Бо не жадала даглядаць былога нямецкага салдата, які ваяваў у яе дома. І яшчэ таму, што хацела, нарэшце, упэўніцца: іх з Ральфам шлюб усё ж такі трымаецца не на вар’яцтве Ганса ў якасці адзінага фундамента.

Але куды, хацела б яна ведаць, падзеўся цяпер гэты “фундамент”?

Ад таго, што недарэчнае сённяшняе здарэнне пачалося са званка Лады, яна не прыдумала нічога лепшага, як набраць яе нумар, загадзя раздражняючыся ад манеры Лады размаўляць, роблена-ляніва пазяхаючы, расцягваючы ненатуральна чырвоны рот, але ў слухаўцы раздалося “часова недаступна”. Ага, Лада адправілася да той быццам бы ўнучкі сібірскага шамана і, вядома, адключыла мабільнік! Адразу ж ёй успомнілася другая гутарка з Ладай, пасля паездкі ў Кульмбах, у замак Пласенбург, дзе ім пашчасціла наведаць буйнейшы ў свеце музей алавяных фігур, — стаміўшыся ад аднастайнасці батальных сцэн, ад усіх гэтых старажытных кельтаў, рымскіх легіянераў, тэўтонскіх рыцараў, англійскіх мушкецёраў, вікінгаў, напалеонаўскіх гвардзейцаў ды іншых стрыечных братоў стойкага алавянага інваліда, яна запрасіла Ладу ў кафэ і пасля глытка “Чыба майлд” нечакана выклала тое, што мучыла: “Ганс ваяваў у Беларусі, уяўляеш?!” — “Ну дык і што з таго? — шчыра здзівілася Лада, натуральная бландзінка з зялёнымі вачыма, апранутая па-айчыннаму, то бок з выпакутаванай стараннасцю: блузка са стразамі, туфлі на высачэзных абцасах, кідкі макіяж, — ніякая, між іншым, не Лада, а ўсяго толькі Людка, якая з дапамогай цёткі, што працуе ў абласным загсе, памяняла адну літару імені, каб адразу зрабіцца вабна-таямнічай. — Дык гэта ж хрэн ведае калі было!” — “Ён бачыць сябе салдатам, увесь час трызніць пра вайну!” — “А цябе тое хвалюе?” — паціснула плечыкам Лада.

Людзе-Ладзе — удваенне, у якім Ларысе чамусьці чуецца “людаедства” (і яшчэ: “пралюбадзейства”) — Людзе-Ладзе ўсяго трыццаць. Дзесяць год раздзяляюць іх — бездань, праз якую немагчыма перакінуць мост. Усё ж яна тады прызналася суайчынніцы, што калі Ральф не здасць старога ў багадзельню, яна сыдзе, кіне ўсё да д’ябла, здыме кватэру, знойдзе іншую працу альбо ўвогуле вернецца дамоў — але як пакінуць тут Светку? Як быццам бы яна, Ларыса, не разумее, што за выбіральнасцю яе ўнутранага зроку, за хітрыкамі Мнемазіны, якая паварочвае калейдаскоп з каляровымі шкельцамі такім чынам, што перад вачыма заўжды аказваюцца са­ мыя змрочныя ўспаміны, хаваецца туга па радзіме! “У цябе ў самой дах паехаў, — спакойна канстатавала Лада, адпраўляючы ў рот кавалачак вішнёвага дэсерту. — Табе дзяржава плаціць за тое, што маразматыка даглядаеш?” — “Дык і што з таго?” — “Колькі?” — “Дзвесце еўра ў месяц”. — “Мала. Падавай на другую ступень па доглядзе, раз ён у цябе такія фінты выдае. Калі ён уночы зноў усё пераверне або перад люстэркам “Хайль Гітлер” зробіць, хуценька хапай фотаапарат і здымай, потым аднясеш у бальнічную касу: так і так, паглядзіце, шаноўнае спадарства, што наш пацыент вырабляе. Можаш і на маральны ўрон спаслацца, гэта таксама добра прадаецца. Маўляў, ты беларуска, цябе ўсё гэта нервуе. У немцаў комплекс віны з-за той вайны, яны гатовыя ўсім на свеце кампенсацыю плаціць. Будзеш атрымліваць чатырыста еўра — вядома, не шыкоўна, але…” — “ Ды справа не ў грошах…” — “А ў чым?”

Разумеючы ўжо, што дарэмна завяла тую размову, яна — хутчэй, не Ладзе, а самой сабе — паспрабавала растлумачыць: калі яе бабуля з трыма дзецьмі хавалася ў балоце, па пояс у ледзяной жыжцы, а паліцаі з айнзацгрупы і нямецкія салдаты, папярэдне запусціўшы ў вёску чырвонага пеўня, прачэсвалі лес, метр за метрам, і ў кожнага салдата на поясе вісеў кацялок (бабуля потым усё жыццё не магла чуць рытмічнае звяканне лыжкі аб металічны посуд), самы маленькі раптам заплакаў, і яна сунула яму ў рот смочку; але дзіцёнак працягваў пішчаць, а яна ўсё пхала і пхала яму ў рот грудзі, пакуль той не замаўчаў канчаткова, як высветлілася — задыхнуўся. “Затое мой бацька і ягоны брат дзякуючы гэтым пустым, без малака грудзям, што аказаліся ўсё ж дастаткова важкімі, каб абарваць дыханне двухмесячнай істоты, засталіся жывыя. Дакументы бацькі згарэлі ў хаце ў час той аблавы, а метрыкі памерлага немаўляці цудам захаваліся. Жывы пражыў жыццё па дакументах мёртвага. У маім імені па бацьку — імя нябожчыка, які не мог мець дзяцей, бо сам памёр ва ўзросце малечы. І цяпер, калі кармлю ды пераапранаю Ганса, я ўвесь час думаю: а раптам ён быў у тым лесе?” — “Ты гэта што — сур’ёзна? Зусім ад’ехала? — Лада глядзела на яе не разумеючы. — Пры чым тут твая бабуля? Калі ўжо надумала кінуць Ральфа, так і скажы. Згодна з табой, бабла ў яго малавата… — Лада нахілілася да яе і панізіла голас. — Я тут з адным немчуронкам з Гановера ў Сеціве пазнаёмілася, кру-у-утызна! Пэўна, звалю я ад Эдвіна, але пакуль што — маўчок. Ужо дамовіліся з Германам разам кватэру на пяць пакояў здымаць”. Лада адкінулася на спінку крэсла, выцягнула ментолавую цыгарэтку. “Люблю марыць… эх, калі б раптам падваліла куча бабак… я б купіла сабе домік на грэчаскім востраве… а ты?” — “Я б аплаціла вучобу дачкі ва ўніверсітэце і… паставіла б на месцы той спаленай вёскі камень…”

Узгадаўшы выраз прыгожага тварыка Лады пасля тых яе, Ларысы, слоў — суайчынніца глядзела на яе з грэблівым спачуваннем, як на прыдуркаватую, — яна адкінула мабільнік убок. Ну давай жа, напруж розум, дзе можа быць стары, дзе? Пэўна, давядзецца, як ні круці, звяртацца ў паліцыю, хоць тутэйшая паліцыя выклікае ў яе проста такі генетычны страх.

Раптам яна ўзгадала, што сёння — дзявятае мая, і адразу ж убачыла ў паштовай скрыні мясцовы часопіс на рускай мове: часопіс, які выдаваўся былымі аўтахтонамі СССР, прыходзіў з нямецкай дакладнасцю на дзявяты дзень месяца. Спачатку механічна, а потым з цікавасцю прынялася шукаць на старонках матэрыялы, прысвечаныя той вайне, але… нічога не знайшла. Прагартаўшы хутка ўвесь дабраякасны глянец, зазірнула ў рубрыку “Май шмат год таму: хроніка месяца” (не можа быць! хаця б тут, адным радком!), адшукала сённяшнюю дату і з узрастаючым здзіўленнем прачытала, што 9 мая 1964 года на вяршыні амерыканскага хіт-параду апынуўся “вялікі Луі Армстронг з песняй “Hello, Dolly”. І ўсё… У гэты дзень, з пункта гледжання рэдакцыі эмігранцкага часопіса, у свеце не адбылося больш НІЧОГА, вартага ўпамінання! Яна перагарнула старонку. Далей была выдрукавана гісторыя нашага суайчынніка, шчодра праілюстраваная ягонымі фотаздымкамі ў стылі “ню”. “24-гадовы Аляксандр у выніку 35 аперацый, зробленых на працягу двух гадоў, ператварыўся ў Аляксандру, зрабіўшы поўную змену полу! Цяпер 9 мая, дзень свайго канчатковага “цудоўнага ператварэння”, Шура святкуе як дзень народзінаў. Аляксандра паўстала супраць прыроды — і перамагла!” Ніжэй распавядалася пра тое, як на пару з іншым транссексуалам “рабяты — дзяўчаты” зараблялі грошы на аперацыю: тарыф на секс-паслугі быў немалы — 500 еўра ў гадзіну. “Не дзіўна, што кліентамі Аляксандра з’яўляліся людзі вядомыя: палітыкі, адвакаты, тэлезоркі”. З надрукаванага вынікала, што цяпер той Шурык-Шура дамагаецца разумення з боку грамадства да такіх, як ён, вязняў “душэўнага гета”.

Вось такі цяпер змест у паняцця “гета”… Дый дзякуй Богу, што толькі такі! Час ідзе, і нават самы страшны боль пакрываецца скарынкай забыцця. Тут толькі яна заўважыла, што вымаўляе тыя словы ўслых, даводзіць іх свайму адбітку ў люстэрку — ну чыста як Ганс! — і села на ложак, закрыўшы твар рукамі. Што ж паробіш, калі ўсякае новае пакаленне імкнецца пазбавіцца ад памяці пра мінулае, як ад старой рухлядзі, вось як яны з Ральфам вынеслі ў кладоўку няўклюдны, пасляваенны яшчэ каток для прасавання бялізны. Асабістая памяць, якая ёсць, па сутнасці, набор вопытаў, у маладых пустая, як незапоўнены лазерны дыск. Наколькі больш прадуктыўна чалавек пражываў бы сваё жыццё, калі б нараджаўся by default — менавіта па змоўчанні! — з запісанымі ў розуме гатовымі копіямі файлаў з рэсурсу калектыўнай памяці. Калі б гэта было магчыма, чалавецтву хапіла б усяго адной вайны, якая стала б апошняй. На жаль, ніхто не можа пакарыстацца чужой памяццю. І не хоча. Нядаўна яна даведалася пра тое, што праз шэсць дзясяткаў год пасля Халакосту жыхары баварскага горада Дахау выступаюць за закрыццё мемарыяла, створанага на месцы былога нацысцкага канцлагера. А дамы, што размяшчаюцца ў непасрэднай блізкасці ад труб крэматорыя, што ў час вайны дымілі днём і ноччу, лічацца цяпер першакласнай нерухомасцю, бо прылягаюць да ціхіх зялёных раёнаў. І тыя, хто жыве ў тых дамах, не пакутуюць ад начных кашмараў. А яна, па ўсёй верагоднасці, насамрэч пакутуе на клінічную ўразлівасць… Як сказала Светка: «Маці, гісторыя поўная жахаў, узяць хоць старажытных ацтэкаў — вырывалі сэрцы ў жывых палонных, каб прынесці іх у ахвяру, гэта пакруцей Маутхаузэна. Між іншым, сэрца яны называлі каштоўным кактусавым плодам Арла, а паміраючага ў страшных пакутах палоннага — Арліным чалавекам. І ўвогуле ў цябе замацаванне афекту”. — “А ў цябе?” — хацела яна спытаць, маючы на ўвазе вядома што, але стрымалася, заўжды баялася пакрыўдзіць дачку (вырасла, лічы, без бацькі), якая, дарэчы, досыць удала ўпісалася ў тутэй­ шае жыццё: скончыла моўныя курсы, знайшла працу афіцыянткі, паступіла ва ўніверсітэт на псіхолага — усё сама, малайчынка! — зняла кватэру ўдваіх з перасяленцам з Казахстана. А як яна, маці, радавалася поспехам дачкі — ды дзеля гэтага гатова была трываць і не такое, што там выхадкі старога маразматыка ды дробязнасць Ральфа, скосыя позіркі суседзяў і тупасць эмігрантаў. Праз паўгода высветлілася, што Светчын Генрых, як тут кажуць, швуль…1 І тое яшчэ паўбяды, а няшчасце ў тым, што дзяўчынка ўсё роўна кахае гэтага тыпуса і працягвае жыць з ім. І яна, маці, не можа анічога ёй параіць, бо на актуальную тэму “Як будаваць сямейнае жыццё з гомасексуалістам” ім не чыталі лекцый ні ў школе, ні ва ўніверсітэце.

Божачкі, яна сядзіць тут над блазенскім часопісам, а Ганс, магчыма, валяецца зараз дзе-небудзь на трасе з размажджэранай галавой!

1 Швуль (ад ням. разм. Schwul) — гей.