Генадзь Аўласенка. Хто ловіцца на чаравік?
Казачная гісторыя для дарослых
Як гэта сумна, калі рыба не клюе!
І хоць часта кажуць, што галоўнае на рыбалцы не ўлоў, а так званае яднанне з прыродай… ды маняць яны, тыя, хто так кажа! Якое тут «яднанне», калі паплавок нават не варухнуўся ані разу?! А тут яшчэ гэты тып у акулярах, што стаіць за спінай і, здаецца, вачэй з паплаўка не зводзіць! Можа, таму і кляваць перастала, дакладней, і не пачынала нават?
Тып у акулярах, малады чалавек гадоў дваццаці, няскладны і хударлявы, прыпёрся на гэтую прыстань амаль паўгадзіны таму. Проста праходзіў міма і раптам спыніўся, задуменна пазіраючы на паплавок. З таго часу і тырчыць тут нерухома, нібыта цвікамі да зямлі яго прыбілі.
— Паслухай, — не вытрымаўшы, звярнуўся рыбак да юнака, — калі табе так падабаецца рыбалка, чаму б тады самому не паспрабаваць заняцца гэтай справай? Замест таго, каб…
Не дагаварыўшы, рыбак замаўчаў, а юнак неяк няўпэўнена паціснуў плячамі.
— Па-першае, у мяне няма вуды, — прагаварыў ён амаль вінавата.
— А па-другое? — спытаўся рыбак, зноўку пераводзячы погляд на паплавок. — Ды клюйце ж вы ўжо! Колькі чакаць?!
— Па-другое, у мяне проста не хопіць цярплівасці вось так сядзець і марна глядзець на паплавок.
— А стаяць і марна пазіраць, як другія ловяць, у цябе, як бачу, цярплівасці хапае! — буркнуў рыбак, з раздражненнем змяняючы прынаду і зноў закідваючы вуду.
І тут яму ў галаву прыйшла адна думка. Выдатная, можна сказаць, думка! Адразу ж двух зайцаў, як кажуць! І назіральніка гэтага куды далей сплавіць, і заадно добранька з яго пажартаваць.
— Паслухай! — адклаўшы ў бок вуду, рыбак падышоў ушчыльную да юнака. — З цярплівасцю ў цябе ўсё ў парадку, а рыбалоўныя прылады… — Змоўкшы на хвіліну, рыбак уважліва аглядзеўся па баках. — Іх я табе зараз арганізую!
Падхапіўшы з зямлі доўгі сукаваты кіёк, рыбак выцягнуў потым з кішэні скрутак з тонкай вяровачкі, акуратна яе разматаў, потым трывала прымацаваў да кійка.
— Так, вуда і лёска ў нас ужо ёсць, застаецца толькі прынаду прыладзіць, — прамармытаў ён, зноўку азіраючыся па баках. — Ага, вось гэта павінна падысці!
Выхапіўшы з травы стары дзіравы чаравік, рыбак прывязаў яго да процілеглага канца вяровачкі.
— Цудоўная вуда выйшла, праўда? І выключна на буйную рыбу!
— Сапраўды? — нясмела пацікавіўся юнак. Потым ён памаўчаў крыху і спытаўся яшчэ больш нерашуча: — А якая рыба можа паквапіцца на чаравік?
— Сом! — не задумваючыся, адказаў рыбак. — Альбо шчупак двухметровы! Ну, чаго чакаеш, трымай сваю вуду!
Юнак нерашуча ўзяў з рук рыбака «вуду» і хацеў ужо закінуць, як рыбак перахапіў ягоную руку.
— Тут шчупакі не водзяцца! — аўтарытэтна заявіў ён. — А вунь за тым хмызняком іх процьма, так што шыбуй туды і цягай, колькі пажадаеш!
Рыбак і сам не верыў, што ягоны жарт удасца, але, як не дзіўна, менавіта гэта і адбылося. Ускінушы на плячо свой кік, юнак паслухмяна падаўся ў бок хмызняку, потым да рыбака данёсся характэрны ўсплёск.
— Ну і ідыёт! — пакруціў галавой рыбак. — Такіх пашукаць яшчэ!
У гэты час паплавок уздрыгнуў, шпарка пайшоў убок і рыбак, забыўшыся пра ўсё на свеце, спрытна падсек. Імгненне… і вось ужо ладны падлешчык затрапятаў на траве.
— Пачатак ёсць! — задаволена прамармытаў рыбак, зноўку закідваючы вуду. І амаль адразу выцягнуў яшчэ аднаго падлешчыка.
А потым яшчэ і яшчэ… І толькі калі ўзрадаваны рыбак выцягнуў шостага па ліку падлешчыка, паплавок нарэшце супакоіўся і зноўку застыў нерухома.
І ў гэты самы час з-за кустоў пачуўся ўсхваляваны голас юнака.
— У мяне штосьці клюнула! Вялізнае, здаецца!
— Сом! — іранічна выгукнуў у адказ рыбак, і тут яму нечакана шкада стала гэтага недарэку ў акулярах. — Паслухай, я ж проста пажартаваў! А чаравік твой, хутчэй за ўсё, за карчажыну нейкую зачапіўся!
— Ды не! — яшчэ больш узбуджана выгукнуў юнак. — Там штосьці яго тузае! Жывое штосьці!
— Ды што ты такое кажаш?!
Ні капелькі не паверыўшы юнаку (ды і як у такое можна паверыць!), рыбак, тым не менш, зноўку адклаў у бок вуду і накіраваўся да юнака. А там…
З вады, трымаючы у руцэ чаравік, раптам высунулася амаль па пояс поўнасцю аголеная дзяўчына. Вельмі прыгожая, з доўгімі блакітнымі валасамі і вялізнымі, сінімі, як валошкі, вачыма.
— Ну і далей што? — прагаварыла яны крыху хрыпатым, але, тым не менш, надзвычай прыемным голасам. — Што далей, я пытаюся?
Гэта было так нечакана і так нерэальна, што і рыбак, і юнак, нічога на гэта не адказваючы, толькі моўчкі ўтаропіліся ў незнаёмку.
— Так і будзеце на мяне моўчкі пазіраць? — насмешліва хмыкнула тая. — Кавалеры, называецца! Стаяць, пазіраюць… а каб дапамагчы…
— Дапамагчы ў чым? — не прагаварыў — прашаптаў юнак.
— З вады вылезці! А… Дачакаешся ад вас дапамогі! — Дзяўчына хуценька выбралася на бераг, кінула ў траву чаравік і шырока раскінула ў бакі рукі. — О, мой каханы! Мой адзіны! Нарэшце мы стрэліся!
— Ты мне таксама падабаешся! — пачаў рыбак, але дзяўчына зірнула недаўменна.
— Не разумею: пры чым тут ты?!
Потым яна хуценька падбегла да юнака, моцна яго абняла, палка пацалавала ў вусны.
— Ты зняў з мяне чары, мой вызваліцель!
— Якія чары? — усё яшчэ нічога не разумеючы, прашаптаў юнак.
— А такія! Я — рачная німфа, але мне так надакучыла жыць у вадзе! А пакінуць гэты абрыдлы вадаём сама я не магла. Хтосьці павінен быў зняць з мяне чары… І ты гэта зрабіў, першым за столькі гадоў, закінуўшы вуду з чаравікам замест прынады! Гэта і была адзіная ўмова майго вызвалення!
— Чорт! — выгукнуў злосна рыбак і ў гэты самы час у вадзе штосьці гучна плюхнула. — Што гэта?
— Не звяртай увагі! — махнула рукой німфа. — Ёй проста зайздросна!
— Каму гэта, ёй? — насцярожыўся юнак.
— Я ж кажу: не звяртайце ўвагі! — другі раз махнуўшы рукой, німфа зноўку аберуч абхапіла юнака за шыю, прыпала да ягоных абветраных вуснаў. — О, мой каханы, мой адзіны! Цяпер я твая назаўсёды! Ці ты, можа, супраць?
— Ды не, я не супраць! — сумеўся юнак. — Ты вельмі мне падабаешся! Вось толькі…
Не дагаварыўшы, ён замаўчаў.
— Вось што значыць: дурням шанцуе! — з зайздрасцю буркнуў рыбак. — І чаму б гэтай німфе не быць маёй назаўсёды?
— Калі б мяне злавіў на чаравік ты, я была б тваёй! А зараз… — Зноў павярнуўшыся да юнака, яна дадала пяшчотна: — Я стану табе выдатнай жонкай, выканаю ўсе твае жаданні, любы!
— Ну, і якія ж, напрыклад? — саркастычна пацікавіўся рыбак.
— Ды самыя розныя! — паціснула плячамі німфа. — Як толькі ён захоча паснедаць альбо павячэраць — я адразу ж прыгатую самыя смачныя і вытанчаныя стравы. У яго заўсёды будзе чыстае адзенне і чыста ў кватэры. А яшчэ… — Тут яна памаўчала крыху і дадала сарамліва: — Ноччу, у ложку, я таксама буду выконваць усе жаданні свайго каханага…
— І гэта ўсё, што ты можаш? — хмыкнуў рыбак. — Прабач, але ж такія жаданні могуць выконваць усе без выключэння жанчыны! — Тут ён змоўк на хвіліну і чамусьці горка ўздыхнуў. — Дакладней, амаль усе…
Нічога на гэта рыбаку не адказаўшы, німфа ўважліва паглядзела на юнака.
— Любы, — прашаптала яна ўсё з той жа пяшчотай у голасе, — я толькі што прачытала твае думкі, а яны ў цябе вельмі сумныя! У цябе зусім няма грошай і, наогул, ты шмат каму павінен значныя сумы. Гэта так?
— Так! — уздыхнуў юнак. — Выходзіць, я вельмі незайздросны кавалер…
— Няўжо? — з нейкай нават насмешкай усклікнула німфа і пляснула ў далоні. — А ну, расчыні свой рукзак!
— Навошта? — не зразумеў юнак. — Там нічога няма!
Расчыніўшы рукзак, юнак нейкі час недаўменна пазіраў на грошы, якіх у рукзаку было шмат і нават занадта.
— Адкуль гэта… — пачаў ён, але тонкія пальчыкі німфы пяшчотна закрылі ягоныя вусны.
— Не мае значэння, любы! — прашаптала німфа. — Гэтыя грошы твае, дакладней, нашы! А мала будзе — ты толькі скажы!
— Я зрабіў гэтую чортаву вуду! — раптам закрычаў рыбак і ў рэчцы зноўку штосьці гучна плюхнула. — Вось гэтымі самымі рукамі! Я даў яе гэтаму цяльпуху ў акулярах! Я навучыў яго, як закідваць! Гэта ўсё я, а не ён! Дык чаму ж тады…
Не дагаварыўшы, ён змоўк, але німфа выдатна зразумела тое, што хацеў сказаць, ды не сказаў рыбак.
— Усё гэта так, — слушна заўважыла яна. — Але ж, робячы гэтую вуду, ты хацеў толькі пажартаваць з майго каханага! Так што правільна, што ты празяваў свой шанц… Ты проста не заслугоўваў яго, вось і ўсё!
— Чорт! Чорт! Чорт! — не ведаючы, што і адказаць на такое, затупаў нагамі рыбак і раптам змоўк, прыслухоўваючыся. — Ды што там увесь час плюхае?! Шчупакі?
— І вялізныя! — з лёгкай іроніяй у голасе адазвалася німфа. — Хочаш іх злавіць?
— Ды што мне з тых шчупакоў, чорт бы іх усіх пабраў! — з роспаччу ўсклікнуў рыбак. — Я цябе жадаю злавіць, альбо такую, як ты! І вось жа, чорт… Слухай, — раптам насцярожыўся ён, — здаецца, гэта не рыба плюхае! Скажы… а можа… можа, у рэчцы яшчэ хтосьці водзіцца?
— У рэчцы хто толькі не водзіцца… — шматзначна і нават загадкава адазвалася німфа.
— Ды я не пра тое! — махнуў рукой рыбак. — Хтосьці, падобны да цябе, там яшчэ застаўся?
— Магчыма! — яшчэ больш загадкава прамовіла німфа.
— Праўда?! — Узрадаваны рыбак нахіліўся, хуценька падхапіў кіёк з чаравікам. — А што, калі я… калі я таксама закіну чаравік? Злаўлю я сваё шчасце?
— Ты толькі тут не закідвай, — думаючы аб нечым сваім, параіла німфа. — Ідзі вунь за той хмызнячок. Бо тут я жыла, а яе тэрыторыя менавіта там, далей!
— Яе, гэта каго? — усхвалявана запытаўся рыбак.
— Маёй рачной сяброўкі, — патлумачыла німфа і чамусьці весела рассмяялася. — Здаецца, ёй таксама надакучыла жыць у вадзе, так што, спяшайся! Каб ніхто не апярэдзіў!
— Не апярэдзіць! Не паспее!
Размахваючы кійком з чаравікам, рыбак амаль подбегам падаўся да хмызнячка, а юнак задумліва паглядзеў яму ўслед.
— Там што, і сапраўды жыве твая сяброўка?
Не адказваючы, німфа толькі сцвярджальна кіўнула.
— І яе таксама можна злавіць на чаравік?
— Выключна на чаравік! — думаючы аб нечым сваім, прагаварыла німфа. — І ні на што іншае!
— І ён яе зловіць?
— Нават не сумняваюся ў гэтым! Вунь, здаецца, ужо цягне!
— Ну што ж, — задумліва прагаварыў юнак. — Значыцца, ён таксама злавіў сваё шчасце!
— А вось у гэтым я вельмі сумняваюся! — засмяялася німфа і ў гэты ж самы час да юнака данёсся адчайны крык. — Ну, што я казала! Вунь, глядзі, каго ён з вады выцягнуў!
З-за хмызняка выбег рыбак, а за ім з чаравікам у руцэ спяшалася нейкая вялізная страхалюдная істота: уся ў чорнай балотнай твані, на галаве рогі, за спінай хвост доўгі матляецца…
— Адчапіся ад мяне! — азірнуўшыся, спалохана залямантаваў рыбак, усё паскараючы і паскараючы бег. — Чаго табе?!
— О, мой любы, мой адзіны! — нізкім глухім голасам адазвалася пачвара, не адстаючы ад небаракі ні на крок. — Ты зняў з мяне чары, і цяпер я твая да смерці!
— Д-да чыёй смерці?! — нервова выгукнуў рыбак, хапаючыся аберуч за галаву. — Д-да тваёй?
— Да тваёй, вядома! Маё жыццё доўгае!
— А-а-а! — прабягаючы зусім побач з німфай і юнаком, прагаласіў рыбак. — Ратуйце! Дапамажыце!
— Зараз дапамагу, мой збавіцель! Толькі не ўцякай ад мяне, мой адзіны, мой непаўторны! О, як жа моцна я цябе кахаю!
— Адчапіся ад мяне, чуеш, адчапіся! — данёсся ўжо здалёк голас рыбака. — У мяне дома ўласная жонка маецца! Амаль такое ж пудзіла!
— Ну вось і добра! Цяпер два пудзілы ў тваім доме жыць будуць!
Галасы рыбака і страхалюднай істоты паступова заціхлі.
— Хто гэта? — недаўменна спытаўся юнак, паварочваючыся да німфы.
— Мая рачная сяброўка, — патлумачыла німфа. — Чарцяка балотная!
— Якая жудасная! — аж перасмыкнуўся юнак, потым да яго дайшло яшчэ нешта:
— Чакай, дык што, я таксама мог яе выцягнуць замест цябе? — у дрыготкім голасе юнака быў самы сапраўдны жах.
— Супакойся, не мог ты яе выцягнуць! — весела рассмяялася німфа. — Бо ў нас з сяброўкай дамоўленасць такая была: я лаўлюся першай! А ведаеш, чаму?
— Чаму? — з уяўнай палёгкай запытаўся юнак.
— А таму, што калі б яе выцягнулі першай, — патлумачыла німфа, — наўрад ці бы хто асмеліўся яшчэ разочак закінуць у рэчку чаравік!