Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»

 «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»

з Мядзельшчыны!

Аляксандр БЫКАЎ

Лістапад

А. К.
А дзень зляціць, як знічка.
Ні межаў, ні граніц.
На вуліцы Крынічнай
Даўно няма крыніц.
Зноў полаг неба выстыў
На зімняе мяжы …
Ды побач дзве празрыстых,
Як з тых крыніц, душы!

ВОСЕНЬСКІ ВЕРШ

В. Шніпу
Змяняецца свет. І змяняецца шмат чаго
ў свеце.
І я па траве
так безважка і вольна плыву,
якая мяне, як заўжды,
па-сяброўску прывеціць,
ды толькі цяпер
ці пазнаю я тую траву,
як восень халодная
сыпле і сыпле дажджамі,
і чорныя хмары вісяць,
як цяжкія лаўжы,
якія ніколі не ўздымуцца ў неба
крыжамі,
бо неба трымаюць адвечна
святыя крыжы.
Збіраюцца людзі,
на момант пакінуўшы справы,
на свята ў сталіцу
ці дзесьці ў якім Капылі,
каб вершы паслухаць
пад водар шашлычнае стравы
і потым згадаць, што й паэты
на свяце былі.
Змяняецца свет. І змяняецца шмат чаго
ў свеце.
І я па траве
так безважка і вольна плыву,
якая мяне, як заўжды,
па-сяброўску прывеціць.
А я не пазнаю
пажухлую тую траву …

Дажджлівы верасень

Зноў раніцай золкай
Сірочым лістом упадзе
Высокая зорка —
І лета да лета скрадзе.
У немым чаканні
Мая заінее душа.
І будуць расстанні,
І з шэрага неба імжа.
Ўсё будзе, як будзе —
Як вызначыў гэты Сусвет.
І нехта забудзе,
А хтось перахрысціць услед.
… Ды лета дачасна
Ісці не гатова на злом.
І сонца за Мястра*
Чапляецца белым крылом!
*Мястра – возера ў Мядзельскім раёне.

  ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ