Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
Цяпла і сонейка пажадала паэтэса з Барысава
Лёля БАГДАНОВІЧ
У РАБІНАВЫХ ПАЦЕРКАХ…
Залатая і шматкаляровая,
З павуцінкаю ў рыжай касе,
Закаханая ў сны перуновыя,
Ножкі босы ў халоднай расе.
І жаданая, доўгачаканая,
З сумнай ноткаю шэрых вачэй.
Таткам Месяцам каранаваная
Яснай Зоркай у цемры начэй.
Рамантычная і палахлівая,
І марозная – Бог барані.
Адгукнуліся рэхам імклівыя
У рабінавых пацерках дні…
СОНЕЧНЫЯ НОТЫ…
У сукенцы паркалёвай,
Хустачцы квяцістай,
Ўзяўшы сонечны аловак,
Восень пісьмы піша.
Ўсіх парадаваць гатова
Каляровым, добрым словам,
Падарыць пяшчоты
Сонечныя ноты.
Цеплыню і ласку,
Восеньскую казку:
З гронкамі рабіны,
Клінам жураўліным,
Воблакам крылатым,
Месяцам шчарбатым,
Зоркаю над стрэшкай,
З мамінай усмешкай…
ПАД ДЗІРАВЫМ ДАХАМ…
Сонейка ўсміхнулася нарэшце –
І павесялела наваколле.
Восень к нам прымчалася ні ўлегцы –
Шмат запасаў у яе прыполе.
Налітыя яблыкі антона,
Слівы, грушы, гарбузы і дыні.
Працавала ад вясны штодзённа
Ўвішная кабета штохвіліны.
Морква, рэпа, баклажаны, перцы,
Кабачкі, часнок, гарох, цыбуля.
Лушчыць ноч фасолю каля печы –
Гаспадыньцы дбайнай ні да гуляў.
Бульба, памідоры, агурочкі,
Шмат грыбоў і ягад насушыла.
Шчэ й капусту качанамі ў бочку
І нашынкаваную злажыла.
Квашаная смачная ўзімку,
Ды з алеем, з бульбаю гарачай!
Восень з хуткім ветрам у абдымку
Пад дзіравым дахам спрытна скача.
ХАЛАДЭЧА…
Нейкі верасень халерны –
Вецер, дождж і халадэча.
Напужаць рашыў, напэўна,
Шэры дзень, нібыта вечар.
Ты ж у нас, сяброўка восень,
Быць павінна залатая.
Ўсё цяпла жывое просіць,
Ласкі сонечнай жадае.
Пашкадуй, пагрэй нас трошкі
Покуль спіць яшчэ кастрычнік.
Застудзіла свае ножкі
Ўжо маленькая сінічка.
Вецер сціх і дождж суняўся,
Прэч сыходзіла самота.
Ліст рабіны цалаваўся
З промнем сонца каля плота…
НЕ ЗАПЛЮШЧУ ВАЧЭЙ…
Пазбіраю ў радкі тыя словы,
Што калісьці мой лашчылі слых.
І вяночак спляту каляровы
З успамінаў найлепшых сваіх.
Ды аздобіўшы зорным суквеццем,
Прыдарожнымі кроплямі рос,
Застануся ў вясёлкавым леце
Завушнічкамі белых бяроз..
Дам наказ адлятаючым птушкам,
Каб дамоў прыляталі хутчэй.
І абняўшы, як маму, падушку,
Не заплюшчу да ранку вачэй…
МЕЛОДЫЯ СЛОЎ.
Бабульчыны казкі, матуліны песні
Згубіліся дзесьці ў нямым паднябессі,
Ды з часам няўмольным не маючы згоды,
Дагэтуль збіраю тых словаў мелодыю.
Яны прылятаюць з дажджом і сняжынкамі,
Пралескай – вясною, увосень – дажынкамі.
Знаходзяць па зорках знаёмую сцежку
І гнёзды звіваюць пад мамінай стрэшкай.
Загояць душу і спаўюць у пяшчоту
Мелодыяй слоў апантаныя ноты
Матульчыных песень, бабуліных казак –
Святой даўніны прамяністых наказаў.
ДЗІРАВЫ ГАМАК.
Шэрыя хмары,
Холад і дождж.
Дзе той камарык,
Няпрошаны госць,
Які ўлетку тоўк дробны мак?
Гушкае ветрык дзіравы гамак.
Павесіўшы лапці
На ржавы цвічок,
У махровым халаце
Спіць павучок.
мой “Вясёлкавы масток”.
ХАЧУ ЗАСТАЦЦА Ў ЛЕЦЕ!
Так хораша, так цёпленька,
Што не сядзіцца ў хаце.
Прылашчыла зноў сонейка
Зямельку, нібы маці.
На небе а-ні воблачка,
Лісток не зварухнецца.
У бабіным, у сонечным
Хачу застацца леце.
У пацерках рабінавых,
У дыяментах росаў,
У сонечных хвілінах
Матульчыных пракосаў.
У восеньскіх Пакровах,
Каб дзетак засланіць,
У беларускіх словах,
Што маюць права быць!
ЗОРНА-СОНЕЧНЫ ГАМАК…
Ранак росны, ды дзівосны –
Ззяе сонца – добры знак!
Павучок шнуруе ў кроснах,
Ноч не спаў усю, дзівак.
Крахатулі ні да гуляў,
Усе паснул, ён – ніяк.
Выткаў з вёснаў для бабулі
Зорна-сонечны гамак…
НА ПРЫСТУПКАХ ВОСЕНІ…
Заранне дужа прыскакала восень,
А нам бы яшчэ з летам гарцаваць…
Ніводнага бусла на сенакосе –
Зляцелі ўжо на поўдзень зімаваць.
Што ні кажы, а шлях зусім не блізкі –
Дадому вернецца не кожны птах.
Навіслі хмары над зямлёю нізка
І працякаць пачаў нябесны дах.
А дзень зашыўся ў дровы пад павеццю,
Ён сам сябе сягоння ашукаў –
Схаваўся ад усіх, ды хітры вецер
Жартаўніка пад вечар адшукаў…
ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ


















