Слуханне дажджу ў старадаўнім замку…
Слуханне дажджу ў старадаўнім замку…
Май Ван Фан (В’етнам).
Вершы аб Беларусі
Сучасны паэт і літаратуры крытык з Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Май Ван Фан – постаць у найноўшай літаратуры свету досыць вядомая. Адважны эксперыментатар і мадэрніст смела карыстаецца багаццем паэтычных інструментаў і яскрава дэманструе свае літаратурныя здольнасці. А яшчэ пасродкам майстэрства мастацкага перакладу яго творы даўно перасягнулі Паўднёва-Усходнюю Азію і знайшлі сваё распаўсюджванне ў літаратурных колах розных кантынентаў. Таму калі сёння зазірнуць на аўтарскі сайт пісьменніка http://maivanphan.com/Default.aspx?sname=MaiVanPhan&sid=32&pageid=397, то можна адзначыць багацце палітры пераствораных тэкстаў на амаль чатыры дзясяткі моў.
Паводле меркаваня самога аўтара, паэты прыйшлі на гэтую зямлю, каб ствараць асаблівае светаадчуванне, каб тэкст, што сёння завецца новай паэзіяй, меў адметную прывабнасць, уласнае жыццё. Калі ж у Свеце Паэзіі будзе дастаткова святла, адразу прастора ў ім стане жывой, яскравай, бясконца рухомай, сцвярджае в’етнамскі літаратар.
Па волі лёсу з 1983-га па 1984-ы год Май Ван Фан праходзіў навучанне ў педагагічным універсітэце імя Максіма Горкага ў Мінску (сёння – Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка. аўт.), і з таго часу ў памяці творцы засталіся самыя пяшчотныя ўспаміны аб беларускай зямлі. Перадаць пачуцці, звязаныя з тым перыядам, у вершаванай форме пастараўся Май Ван Фан.
Май Ван Фан нарадзіўся ў 1955 годзе ў Кімшоне, правінцыі Ніньбінь у дэльце Чырвонай ракі ў паўночнай частцы В’етнама. У цяперашні час пражывае і працуе ў горадзе Хайфон. Уладальнік шэрагу в’етнамскіх і міжнародных літаратурных прэмій. Аўтар амаль двух дзясяткаў зборнікаў паэзіі, а таксама кнігі «Крытыка – нарысы».
Вершы Май Ван Фана публікаваліся на старонках газет,часопісаў і паэтычных анталогій у Швецыі, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Аўстраліі, Турцыі, Расіі, Румыніі, Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Індыі, Паўднёвай Карэі, Ганконга, Інданезіі, Тайланда, арабскіх краінах і інш …
Асаблівае месца ў творчым багажы аўтара занялі творы, выпешчаныя блакітнавокай Беларуссю.
(На фота: Мінск, 1983-84гг. Май Ван Фан з выкладчыцай Ірынай Аляксандраўнай. Фота з прыватнага архіва літаратара)
Марыя Кобец
БУЛЬБЯНАЯ БАБКА
Мне б між зямель заакіянскіх вольных
Адчуць на хвілю бабкі бульбяное смак.
А лепш – вярнуцца ў марывах свавольных
На Беларусь, у інтэрнат студэнцкі ў снах.
О, як тады мне смакавала бабка… Зрэшты –
Кранала й сэрца пенкнасць за акном:
Вунь птушачкі ўступаюць бойка ў спрэчку,
Лістоту кружыць ветрык зноў і зноў.
Сваёй няхітрай бульбяной патравай
Я б падзяліўся б рыбкамі і ў пуць.
І скіраваўся б к гарызонту апантана –
Сустрэць світанне ды напоўніцу ўдыхнуць
Той даўні дзень, што стрэў з такім імпэтам,
Са смакам бабкі беларускай бульбяной –
Юнацтва смакам, цеплынёй сагрэтым,
Часоў далёкіх – Беларусі маладой.
СЛУХАННЕ ДАЖДЖУ Ў СТАРАДАЎНІМ ЗАМКУ
Адбіваецца сонейка ў кроплях дажджу
Ў скронях вежы гатычнай губляецца.
Сам Іллініч-магнат[1] быццам крочыць з імжы,
Рэхам крокі яго адгукаюцца.
Дождж звініць, ападае на дрэваў крыссё –
Посвіст луку ці стрэлы мушкетныя?
Так Міранка-рака[2] занатоўвае ўсё –
Смутак, слёзы і ўсмешкі шляхетныя.
Святаполк[3] спачывае ля замкавых сцен,
Як стваральнік і сведка падзеяў і жарсцяў.
Толькі кроплі дажджу ціха шэпчуць-шумяць
Аб гісторыі княжацкіх годных дынастый.
Толькі голасна птушка над плынню пяе
Ды званы будзяць цішу царкоўную.
Скрозь заслону дажджу нібы ўсё паўстае,
Ды знікае як птушка самотная.
У “ЭПОХУ РЫЦАРСТВА”
Блішчаць мячы і грукаюць даспехі –
Сярэднявечча ў вобразах жывых.
“Эпоха рыцарства”[4] пад Мінскам.. Вехі
Сціраюцца між граняў векавых.
Гарцуюць рыцары на конях і са спрытам
Трапляюць дзідамі ў мішэнь наўздзіў.
Бацькоўскі гонар, ваяры, што з каларытам
Ствараюць спеў гарэзлівых цяціў.
Дух баявы трымаецца ў паветры,
Як крэпасць – у даспехах змагары.
І смерць не страшыць у памкненні гэткім –
Быць абаронцамі ў радзіннае зямлі.
Агмень палае…
Быль гэта, ці небыль? –
Яднанне музыкі, традыцый, чысціні!
А побач, тут жа – “Крыжачок” да неба,
“Лявоніха” ды “Юрачка” ў віры.
І кожны ў тую хвілю рыцар –
Айчыны-маці, рэк, палёў, лагчын!
І я ад ранняй зоркі-зараніцы –
В’етнамскай дэльты блаславеннай сын.
[1] Юрый Іванавіч Іллініч (1526) – дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, маршалак дворны і намеснік лідскі (1501), стараста берасцейскі (1510), ковенскі (1514), маршалак надворны літоўскі (1518). Вядомы як заснавальнік Мірскага замка;
[2] Міранка – рака ў Карэліцкім раёне, правы прыток Ушы (басейн Нёмана). Бярэ пачатак між сёламі Сімакова і Аюцэвічы, затым цячэ па раўніне на поўнач да пасёлка Мір. Каля пасёлка Мір рака абмінае вядомы Мірскі замак. Менавіта з дапамогай вады з Міранкі запаўняўся замкавы роў у XVI стагоддзі;
[3] Князь Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі, ІІ, (5 (17) ліпеня 1833 – 15 (27) кастрычніка 1898) – военачальнік Расійскай імперыі, генерал ад кавалерыі. Камандаваў тэнгінскім 77-ым пяхотным палком і Сямёнаўскім лейб-гвардыі палком. У 1891 годзе ён набыў у княгіні Марыі Львоўны Гагенлоэ-Шылінгсфюрст і аднавіў Мірскі замак. Памёр у сваім маёнтку Мір і быў пахаваны там жа, ля сцяны праваслаўнай Мікалаеўскай царквы.
[4] Фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Эпоха рыцарства” у Беларусі. “Асноўная ідэя фестывалю – пагружэнне ў гісторыю заходнееўрапейскага і беларускага Сярэднявечча: гістарычная рэканструкцыя турніраў і бітваў рыцараў, сярэднявечнай музыкі і танцаў, паходнага побыту.

















