“СОНЕЙКА Ў ДАЛОНЯХ” (літаратурная сустрэча ў аздараўленчым лагеры СШ № 3 г. Вілейкі)
Share the post "“СОНЕЙКА Ў ДАЛОНЯХ” (літаратурная сустрэча ў аздараўленчым лагеры СШ № 3 г. Вілейкі)"
Якія гэта сонейкі трымае ў далонях дзіцячы пісьменнік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі № 2 Віктар Кажура?
Усё проста: сонейкамі аказаліся ўнукі – Ангелінка і Цімошка. Яны не толькі дзедавы памочнікі ў паўсядзёнай, але і ў літаратурнай працы. Малыя падказваюць новыя сюжэты і тэмы, з’яўляюцца героямі многіх твораў.
Гэты і іншыя сакрэты літаратурнай творчасці раскрылі падчас сустрэчы з вучнямі СШ № 3 горада Вілейкі Віктар Кажура і яго ўнучка Ангеліна Прохарава.
Багацце роднай мовы, яе мілагучнасць, прывабнасць раскрываліся праз вершы, загадкі, крыжаванкі і літаратурныя вандроўкі, якія былі прапанаваны маленькім слухачам.
Аказалася, што складаць вершы – займальна, цікава і карысна, бо неабходна знайсці самае патрэбнае, самае “важнае” слова ці вобраз. І колькі радасці было ў дзіцячых вачанятах, калі ім удавалася здзейсніць адкрыццё: адшукаць гэтыя словы, намаляваць імі незвычайныя карціны!
Пасля Віктар Віктаравіч і Ангеліна чыталі прысутным вершы, знаёмілі з новымі творамі.
А на развітанне падарылі бібліятэцы СШ № 3 свае кнігі з аўтографамі.

















