Чырвоныя ружы у памяць паэта

 

17 верасня літаратары Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі накіраваліся на Мядзельшчыну на свята, прысвечанае Дню народнага адзінства і 110-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Яно пачалося з мітынга на галоўнай плошчы Мядзеля, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў і грамадскасць раёна. Пасля афіцыйнай часткі і ўшанавання лепшых работнікаў Мядзельшчыны, былі ўскладзены кветкі да помніка славутага земляка — Максіма Танка.

Дэлегацыя ад Мінскага абласнога аддзялення СПБ дапоўніла сваю асабістую праграму на гэтым свяце наведваннем літаратурна-краязнаўчага музея імя Максіма Танка, у якім захоўваецца шмат унікальных экспанатаў з гістарычнага і літаратурнага жыцця паэта. Пісьменнікі сустрэліся з вучнямі Сваткаўскай школы, дзе таксама наведалі школьны музей імя народнага паэта, а са сцэны актавай залы падчас знаёмства прачыталі свае новыя вершы да гэтых дзвюх памятных дат.

Вялікае ўражанне выклікала ў літаратараў паездка ў вёску Пількаўшчына, на сядзібу Максіма Танка. Як даніна ўшанавання пісьменнікамі памяці паэта і яго родных, на могілкі ляглі чырвоныя ружы.

Рагнэд Малахоўскі 

У Дзень Народнага Адзінства

Наш сцяг узняты урачыста —

Эпоха новага світанку.

У Дзень Народнага Адзінства

Мы зазірнем у вочы Танку.

 

Адзін народ. Адна краіна.

Лёс — ва ўзаемадапамозе.

Навекі разам быць павінны,

Не дрэмле вораг на парозе.

 

Мы ўсе — зямлі любімай дзеці.

Сябры, бацькі, браты і сёстры.

І хоць віруе зло у свеце,

Бароніць Бог Радзімы вёрсты.

 

Хай сонца ззяе прамяніста

Ў душы, на працы, над Айчынай.

У Дзень Народнага Адзінства

Адчуць сябе сям’ ёй адзінай.

.

Лёля Багдановіч

Душа паэта

Незакончаны радок,

Песня недапета…

Жоўтага пяску грудок –

Сховішча паэта.

 

Прылятае па начах

У куток той Муза.

Зорны россып, Млечны Шлях…

Спі спакойна, дружа.

 

Працінаюць аж наскрозь

Тут пралесак вочы.

Дабрыня і прыгажосць

За натхненнем крочыць.

 

Не ўтаймуецца ніяк

І душа Паэта,

Прабівае зорны шлях

Песняю няспетай.

 

Прэс-служба МАА СПБ