Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
Паэтычны марафон
«ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
працягвае паэт, фотамастак з Мінска
Яўген Пясецкі
***
Мой карабель адплывае у верасень.
Што назаўжды пакiдаю на беразе?
Росныя сцежкi ў жнiвеньскiм верасе,
Ў лiпеньскай ночцы – замовы, вяночкi,
Ў чэрвеньскiх ранках – расстаннi ля ганку…
Ўсё, што за лета набыў – пакiдаю:
Мой карабель з багажом не прымае.
***
Як будзе сто – абрынуць зімавеі
І прыйдзе сон з-за белае мяжы,
Каб зноў дарыць вясновыя надзеі.
Я ведаю: пасля цямноты – днее,
Спявае птах пасля нямой цішы,
І я табе кажу не без надзеі:
Давай лічыць асеннія дажджы.
***
Дзе шпакі вясну прыносілі
Да квітнеючых язмінаў,
Я хаваюся ад восені
Ў любых сэрцу успамінах.
Я прыгадваю усцешныя
У летняй зацені алеі…
Сёння стуль хадой няспешнаю
Падступаюць зімавеі.
Пад халоднаю прынукаю
Лісця гурт ляціць стракаты
І у шыбы мае стукае –
Просіцца сагрэцца ў хату.
***
Жоўтае лісце ляціць на крынічку
І скарачаюцца дні па крысе.
Падае долу, як падае знічка,
Восеньскі яблык ў халоднай расе.
***
Куст шыпшыны бухматай
Веццем ў шыбіну б’ецца,
Лісце просіцца ў хату
Ад імжы адагрэцца…
Каляндар адмярае
Час асенні няспынна,
Дык чаму ж не мінае
П’яны водар язміну?
Нібы чую з нябёсаў
Жаўруковы званочкі,
Вабяць росныя плёсы
Святаянавай ночкі…
Мо прыснілася гэта?
Што за дзіва такое?
Гэта – бабіна лета,
Успамін пра былое.
***
На тым беразе восені – кветкі на лузе,
Росны ранак і сцежка, што ў зацень вядзе.
А на гэтым – вярбіна схілілася ў скрусе
І пажоўклае лісце ў халоднай вадзе…
Дзе ўзяць човен, каб выйсці насуперак плыні,
Веславаць на той бераг у летнія сны?
Я спытаўся у рэчкі, у ніклай рабіны,
Але тыя знямелі ў чаканні зімы.
Фотазамалёўкі – Яўгена Пясецкага
ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ



















